Мінск 01:13

Ціханоўскі: Лідарам апазіцыі з’яўляецца Святлана Ціханоўская (дапоўнена)

Сяргей і Святлана Ціханоўскія на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе 22 чэрвеня 2025 года
Фота: "позірк"

22 чэрвеня, Позірк. “Лідарам апазіцыі з’яўляецца Святлана Ціханоўская, мая жонка, і я тут не збіраюся ні на што прэтэндаваць“, — заявіў адпушчаны на волю і вывезены амерыканскімі дыпламатамі ў Літву палітвязень Сяргей Ціханоўскі на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе 22 чэрвеня.

“Ці вы лічыце, лідарам становіцца той, хто пяць гадоў сядзеў у ізаляцыі, а потым выйшаў: о, вось ён лідар цяпер? У нас такіх 1.100 яшчэ лідараў”, — сказаў Ціханоўскі, маючы на ўвазе палітвязняў, якія засталіся ў месцах пазбаўлення волі.

Прадстаўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, з якімі Ціханоўскаму давялося сутыкнуцца незадоўга да вызваленьня, паводле яго слоў, былі ўпэўненыя, што на волі і за мяжой ён “разваліць“ дэмакратычны рух. Муж беларускага дэмлідаэра падкрэсліў, што “не збіраецца ў гэта ўмешвацца”.

“Я планую не лезці ў дзейнасць офіса гэтага. <…> Я пачну дзейнічаць так, як я лічу патрэбным. Я сам — цэнтр, я сам — агонь. І кожны беларус таксама павінен так дзейнічаць. Што вы чакаеце ад яе (Святланы Ціханоўскай. — “Позірк”.), ад мяне? Бярыце і дзейнічайце, вы ж такія ж людзі — такія ж рукі-ногі, чаго вы чакаеце ад кагосьці?” — звярнуўся ён да суайчыннікаў.

Ціханоўскі паведаміў, што яшчэ ў зняволенні прадумваў планы будучай дзейнасці: “Раней [у мяне] адзін [ютуб-]канал быў, цяпер у мяне задумкі адразу пяць дзесьці каналаў адкрыць розных“. Сярод іншага ён плануе ў сваіх стрымах разбіраць уласную крымінальную справу, выкладваць дакументы.

У сваю чаргу Святлана Ціханоўская заявіла, што ўсе гэтыя гады абяцае “быць з беларусамі“ — датуль, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні і не пройдуць свабодныя і сумленныя выбары.

“Гэта была наша першапачатковая мэта — з Машай [Калеснікавай], Веранікай [Цапкала], з усімі беларусамі, — сказала яна. — Пакуль у мяне хапае сіл, пакуль у мяне ёсць падтрымка (я яе адчуваю), я буду працягваць гэты шлях. Таму што наша прыярытэтная задача — спыненне рэпрэсій і выпуск людзей“.

“Але мы павінны разумець, што пагражае Беларусі — страта незалежнасці. Цяпер Лукашэнка прадае наш суверэнітэт крок за крокам, а мы хочам жыць у нашай краіне — свабоднай і незалежнай, мы хочам вярнуцца ў еўрапейскую сям’ю нацый, да якой мы гістарычна належым. Гэта нашы далейшыя мэты”, — дадала палітык.

Пакуль у краіне ёсць палітвязні, дэмсілы працягнуць працаваць над тым, каб на рэжым Лукашэнкі здзяйсняўся ціск, шукаць “дыпламатычныя спосабы вызвалення палітвязняў“, а таксама “увага і салідарнасць усяго свету“. “Каб на Беларусь не забыліся ў плане гуманітарнага, палітычнага крызісу, але таксама не забыліся ў кантэксце вайны ва Украіне“, — заявіла Ціханоўская.

Падзяліцца: