Каб сфальсіфікаваць абставіны смерці Ашурка, Следчы камітэт зняў відэа з іншым чалавекам — расследаванне

24 чэрвеня, Позірк. На відэа, якое неўзабаве пасля смерці грамадскага актывіста Вітольда Ашурка распаўсюдзіў Следчы камітэт, паказаны іншы чалавек, заявіў былы зняволены, які ў 2021 годзе адбываў пакаранне ў шклоўскай папраўчай калоніі №17 (Магілёўская вобласць).
Словы былога вязня былі прыведзеныя 24 чэрвеня падчас анлайн-прэзентацыі расследавання праваабарончай арганізацыі “Прававая ініцыятыва” “Катаванні і жорсткае абыходжанне ў папраўчай калоніі № 17 горада Шклова”.
“На відэа, якое апублікавалі, быў не Ашурак. Паводле слоў людзей, якія знаёмыя з сітуацыяй, у відэа зняўся чалавек, які быў у суседнім атрадзе. Сілуэтам ззаду ён падобны на Ашурка. Па прычосцы, па ўсім”, — адзначыў былы знаволены.
Паводле яго слоў, гэты чалавек у размовах з іншымі вязнямі прызнаваў, што браў удзел з здымках згаданага відэа.
Шэраг былых вязняў шклоўскай калоніі, апытаных праваабаронцамі, пацвердзілі таксама факт збіцця Ашурка.
“Усё ў асноўным даходзіла такімі перашэптваннямі, чуткамі, што Вітольд адкрыта выказваў сваё меркаванне наконт дзейнай улады і адміністрацыі калоніі. За гэта неаднаразова быў у штрафным ізалятары. На той момант ніхто іншымі метадамі не карыстаўся, толькі фізічна ўздзейнічалі. Яны (супрацоўнікі калоніі. — “Позірк”.), можа, не ўлічылі тое, што, калі чалавек доўга сядзіць у штрафным ізалятары, яго арганізм слабее. І не разлічылі, хутчэй за ўсё, ступень таго збіцця”, — прыводзяцца ў расследаванні словы былога палітвязня.
“Чулі ўсе, як гэты працэс адбываецца, у кампутарным класе, зусім побач было чуваць крыкі. У суседняй камеры штрафнога ізалятара, там таксама нармальна чуваць”, — засведчыў іншы былы зняволены.
Некаторыя апытаныя выказалі сумневы наконт месца гібелі Ашурка.
“Гэта адбылося ўвечары. Адразу ж у “штабе” ўзнялася моцная мітусня. Невядома, ці забіты ён быў у штрафным ізалятары, ці быў забіты ў якой-небудзь “сляпой” зоне ў “штабе”. Бо ў ШІЗА паўсюль відэакамеры”, — сцвярджае адзін з апытаных падчас расследавання.
“Яны збіваюць не на камерах <…>, стараюцца рабіць гэта ў “сляпых” зонах, — дадаў ён. — Адзіная ў штрафным ізалятары “сляпая” зона — гэта пакой догляду, у якім табе выдаюць шізашную робу і ўжо вядуць у камеру”.
Паводле слоў былых зняволеных, пасля смерці актывіста шмат супрацоўнікаў ПК прыбеглі да аднаго з ШІЗА. Пры гэтым будынак, дзе гэта адбывалася, “цалкам ачысцілі ад асуджаных любых катэгорый”.
“Я быў выкліканы ў кабінет начальніка аператыўнай часткі, Мельнікава Аляксандра Сяргеевіча, маёра. Пачуў ад яго “выдатную” фразу: “Вы разумееце, Вітольда ніхто не забіваў! Разумееце, так атрымалася”. На што я кажу: “Вы ведаеце, у мяне ў атрадзе паводле артыкула 139 за забойства вельмі шмат людзей, і яны ўсе кажуць, што не хацелі забіваць, так атрымалася. Але ім далі па 15, па 20 гадоў”. Ну, пасля гэтага я яшчэ штрафны ізалятар узяў”, — адзначыў яшчэ адзін былы палітзняволены.
У расследаванні праваабаронцы прыйшлі да наступнай высновы: “Рэжым мэтанакіравана ўтойвае як ад грамадскасці, так і ад сваякоў нават афіцыйную прычыну смерці і абставіны, пры якіх загінуў Вітольд Ашурак. Хаця па законе сваякі маюць права на азнаямленне з матэрыяламі праверкі па факце яго смерці”.
Паводле слоў аўтараў расследавання, ёсць таксама “падставы сцвярджаць, што, утрымліваючы Ашурка працяглы час у штрафным ізалятары, адміністрацыя калоніі мэтанакіравана стварала для яго моцныя фізічныя і маральныя пакуты, якія з пункта гледжання нормаў міжнароднага права самі па сабе могуць быць прыроўненыя да жорсткага, бесчалавечнага ці прыніжлівага для годнасці абыходжання”.
“Выпадак смерці Вітольда Ашурка не адзінкавы. Беларускі рэжым хавае абставіны і іншых забойстваў і масавых катаванняў пасля падзей жніўня 2020 года. Усе выпадкі патрабуюць дбайнага і аб’ектыўнага расследавання і вынясення справядлівых прысудаў вінаватым у смерцях і катаваннях”, — заяўляюць правааабаронцы.
Сузаснавальнік “Прававой ініцыятывы” і Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Сяргей Усцінаў на анлайн-прэзентацыі расследавання паведаміў, што пасля гібелі Ашурка адміністрацыя шклоўскай калоніі “стала трохі больш асцярожнай, але паслабленняў для палітзняволеных не адбылося”.
18 студзеня 2021 года суддзя Максім Філатаў з суда Лідскага раёна (Гродзенская вобласць) прыгаварыў Ашурка да 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Ашурак загінуў у шклоўскай калоніі 21 траўня 2021 года. На фоне вялікага грамадскага рэзанансу 25 траўня Следчы камітэт апублікаваў відэа, на якім, як сцвярджала ведамства, мужчына ўпаў у камеры ШІЗА без знешняга ўздзеяння і атрымаў траўмы галавы. СК заяўляў, што “у сувязі з пагаршэннем самаадчування [Ашурка] былі прынятыя меры па аказанні меддапамогі”. “Са слоў супрацоўнікаў калоніі, асуджаны, разбіўшы галаву, скаргаў на стан здароўя не выказваў, адмовіўся ад дапамогі і шпіталізацыі”, — ўаварылася ў паведамленні.
Расследаванне смерці палітвязня было замарожанае і дэ-факта не вядзецца.
У гадавіну смерці Вітольда Ашурка — 21 траўня — дэмакратычная грамадскасць з ініцыятывы праваабаронцаў праводзіць Міжнародны дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
У чэрвеня 2025 года Ашурак павінны быў выйсці на волю.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ шклоўскай калоніі за год памірала да васьмі чалавек — расследаванне праваабаронцаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаДэфіцыт працоўнай сілы будзе тармазіць рост эканомікі Беларусі — ЕАБР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСмерць Вітольда Ашурка ў няволі — забойства, вынікае з расследавання праваабаронцаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка