Мінск 04:49

Лукашэнка абмяркуе з прэзідэнтам Кубы Бермудэсам “крокі па далейшым умацаванні двухбаковага дыялогу”

24 чэрвеня, Позірк. “Крокі па далейшым умацаванні двухбаковага дыялогу з акцэнтам на развіццё гандлёва-эканамічнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва” абмяркуюць на сустрэчы ў Мінску 25 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель Бермудэс.

Прэс-служба Лукашэнкі паведамляе, што Бермудэс будзе знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам.

Палітыкі “разгледзяць пытанні глабальнага і рэгіянальнага парадку дня, узаемадзеянне дзвюх краін на шматбаковых пляцоўках”, гаворыцца ў паведамленні.

Анансавана наведванне Бермудэсам беларускіх прадпрыемстваў машынабудаўнічай і фармацэўтычнай галінаў, а таксама ўдзел у Еўразійскім эканамічным форуме (26 чэрвеня) і пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (27 чэрвеня).

“Пры эфектыўнай каардынацыі сумесных дзеянняў Беларусь і Куба змогуць у хуткім часе канвертаваць дасягнутую высокую дынаміку двухбаковых палітычных кантактаў у значныя праекты эканамічнага супрацоўніцтва ў прамысловай, харчовай, фармацэўтычнай, навукова-тэхнічнай і іншых перспектыўных галінах”, — заявіў Лукашэнка 20 красавіка гэтага года, віншуючы Бермудэса з 65-годдзем.

“Усе ўмовы для гэтага створаныя”, — адзначыў ён.

Лукашэнка назваў Беларусь “братняй краінай”, на якую прэзідэнт Кубы можа “заўсёды разлічваць”. “Пад вашым мудрым кіраўніцтвам Куба працягвае ўмацоўваць свой аўтарытэт на міжнароднай арэне, цвёрда абараняць і адстойваць інтарэсы і законныя правы сваіх грамадзян. Ваш асабісты ўнёсак у гэты працэс цяжка пераацаніць”, — пахваліў Лукашэнка адрасата.

Куба — адна з бедных краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Пазіцыянуе сябе як сацыялістычная рэспубліка, адзіная партыя ў краіне — камуністычная, апазіцыя пераследуецца.

У сярэдзіне лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны пратакол да міжурадавага пагаднення ад 24 чэрвеня 2014 года з пералікам тавараў, якія Беларусь і Куба хацелі б пастаўляць адна адной у межах “сустрэчнага гандлю”. Згодна з дакументам, для кожнага боку “пры ўзаемных пастаўках тавараў і паслуг вызначаецца ліміт у 15 млн долараў ЗША на пяцігадовы перыяд”.

Лукашэнка, віншуючы 26 ліпеня 2024 года Бермудэса з Днём нацыянальнага паўстання, адзначыў, што Беларусі і Кубе трэба не толькі пашыраць “супрацоўніцтва ў традыцыйнай сферы гандлю”, але і выходзіць на “кааперацыйныя формы ўзаемадзеяння”.

17 ліпеня мінулага года прэзідэнт Кубы на сустрэчы з Раманам Галоўчанкам, які тады ўзначальваў урад Беларусі, асудзіў санкцыі ЗША супраць Беларусі і ўмяшальніцтва ў яе справы.

Падзяліцца: