Мінск 17:03

Беларусам, якія пражываюць у Грузіі, невядомыя прапануюць супрацоўніцтва ў абмен на вырашэнне “праблем”

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 27 чэрвеня 2025 года ў 14:06

27 чэрвеня, Позірк. Беларусам, якія пражываюць у Грузіі, невядомыя прапануюць супрацоўніцтва ў абмен на вырашэнне “праблем”, адпраўляючы паведамленні ў “Тэлеграм“. Актыўнасць пачалася 18 чэрвеня і працягваецца дагэтуль.

Аўтары пасланняў звяртаюцца да адрасатаў па імені альбо па імені і па бацьку, прапануюць звязацца з імі для “абмеркавання ўзаемавыгаднай прапановы“ альбо прапановы, якая, “магчыма, зацікавіць“, і г.д. Невядомыя называюць адрас, па якім нібыта працуюць: праспект Незалежнасці, 17. У Мінску па гэтым адрасе знаходзіцца Камітэт дзяржбяспекі.

Падобную прапанова атрымала, у прыватнасці, трэнер па кікбоксінгу і тайскім боксе Марына Зялёная (Калініна), якая даслала “Позірку“ скрыншоты перапіскі.

“Можна казаць пра сістэмную працу“, — заявіў “Позірку” брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк, які пражывае ў Грузіі. На яго думку, мэтаў можа быць некалькі: “адпрацоўка“ дыяспары перад узбуджэннем крымінальнай справы, пошук “слабога звяна”, якое пагодзіцца супрацоўнічаць, а таксама запалохванне.

“Такая актыўнасць адназначна сведчыць, што дыяспара ў беларускіх сілавікоў у аператыўнай распрацоўцы. Гэта можа інфармацыйна-псіхалагічная спецыяльная аперацыя. Нават калі людзі не рэагуюць на паведамленні, гэта ўсё роўна нясе пэўны эфект запалохвання. КДБ як бы намякае: дыяспара ў полі нашага зроку”, — сказаў Кісляк. Пры гэтым ён дапусціў невялікую верагоднасць таго, што пад шырмай сілавікоў дзейнічаюць ашуканцы.

У першай палове чэрвеня пра падобную актыўнасць паведамлялі беларусы, якія пражываюць у Польшчы. Некаторым пісалі ў сацыяльнай сетцы “Фэйсбук” з акаўнта нейкай Maria Pulkovskay. У прыватнасці, 12 чэрвеня прапанову аб дружбе з гэтага акаўнта атрымала журналістка Вольга Быкоўская. “Танны метад, канечне, так спрабаваць сабраць інфармацыю і вербаваць“, — напісала яна на сваёй старонцы ў “ФБ“.

У юрыдычнай службе праваабарончага цэнтра “Вясна“ “Позірку” паведамілі, што не валодаюць інфармацыяй пра колькасць суайчыннікаў, да якіх звярнуліся невядомыя, аднак рэкамендавалі пачытаць на іх сайце матэрыял з рэкамендацыямі і даследаванне па тэме.

Падзяліцца: