Мінск 22:39

Удары па ядзернай інфраструктуры Ірана “самым небяспечным чынам” парушаюць міжнароднае права — Лукашэнка

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

27 чэрвеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 27 чэрвеня ў Мінску на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, раскрытыкаваў удары па ядзернай інфраструктуры Ірана.

“Прэзідэнт Ірана павінен быў сёння прысутнічаць тут упершыню ў якасці прадстаўніка дзяржавы-назіральніка пры ЕАЭС, аднак з прычыны вядомых абставінаў не змог. Нядаўнія ўдары па ядзерных аб’ектах Ірана, якія знаходзяцца пад кантролем МАГАТЭ, самым небяспечным чынам парушаюць палажэнні міжнароднага права, уключаючы дамову аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі і жэнеўскія канвенцыі 1949 года”, — сказаў Лукашэнка (па відэа неафіцыйнага тэлеграм-канала яго прэс-службы).

“Не буду нават казаць пра пачуцці, якія такія дзеянні выклікаюць у Беларусі, краіне, найбольш пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС. Тады радыеактыўныя ападкі былі зафіксаваныя нават у Вялікабрытаніі, Германіі і Швецыі. Думаюць, напэўна, што цяпер не накрыюць, асабліва краіну, якая здзейсніла падобнае дзеянне”, — заявіў прамоўца.

Ён наўпрост не назваў краіны, якія нанеслі ўдары па Іране, аднак у чэрвені гэта зрабілі Ізраіль і Іран.

Прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян у відэазвароце да ўдзельнікаў форуму адзначыў, што ў яго “няма магчымасці прысутнічаць на гэтым важным пасяджэнні, бо 13 чэрвеня 2025 года “сіянісцкі рэжым” (так іранскія ўлады называюць непрызнаны ім Ізраіль. — “Позірк”.) здзейсніў “жорсткі напад і незаконныя тэрарыстычныя ўзброеныя атакі на Ісламскую Рэспубліку Іран”.

“Ваенныя напады ЗША і сіянісцкага рэжыму на мірныя ядзерныя аб’екты Ірана, якія знаходзяцца пад поўным кантролем Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі, з’яўляюцца грубым парушэннем усіх міжнародных нормаў і наносяць непапраўную шкоду статусу рэжыму нераспаўсюджвання ядзернай зброі з боку пастаяннага члена Савета бяспекі ААН”, — дадаў Пезешкіян.

Сітуацыя на Блізкім Усходзе абвастрылася 13 чэрвеня, калі розныя цэлі на тэрыторыі Ірана пачала атакаваць Армія абароны Ізраіля. У асноўным удары наносіліся па ваенных і ядзерных аб’ектах, атакавана больш за 1.000 цэляў. У выніку серыі кропкавых удараў было ліквідавана вышэйшае камандаванне Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, іранскай арміі і выведкі, забіта дзевяць навукоўцаў-ядзершчыкаў. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя Ірана, усяго ў краіне загінулі не менш за 627 чалавек, яшчэ 4.870 атрымалі раненні і траўмы.

Мэтай ізраільскай ваеннай аперацыі названа нанясенне крытычнага ўрону ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу Ірана.

Іран адказаў масіраванымі ўдарамі з ужываннем балістычных ракет і беспілотных лятальных апаратаў. Некаторыя ракеты ўпалі ў жылых раёнах у Тэль-Авіве, Рамат-Гане, Рышон-ле-Цыёне, Бат-Яме, Тамрэ, Хайфе, Петах-Тыкве, Беэр-Шэве і іншых населеных пунктах Ізраіля. Вядома, што загінула не менш за 28 чалавек, пацярпела амаль 1.500.

22 чэрвеня амерыканскія бамбавікі B-2 нанеслі ўдары па іранскім ядзерным аб’екце ў Форда, выкарыстаўшы шэсць процібункерных бомбаў.

Па іранскіх ядзерных аб’ектах у Натанзе і Ісфахане было запушчана 30 ракет “Тамагаўк” з падводных лодак.

У адказ Іран атакаваў вайсковыя базы ЗША ў Катары, Кувейце, Бахрэйне і ААЭ. Паводле звестак амерыканскага боку, базы ад іранскіх удараў не пацярпелі, ахвяр няма.

24 чэрвеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў аб перамір’і паміж Ізраілем і Іранам. У Ізраілі мінулыя падзеі называюць “дванаццацідзённай вайной”.

Насуперак заяве Лукашэнкі, Іран не мае статусу назіральніка ў ЕАЭС, такі статус маюць Малдова, Узбекістан і Куба, 26 чэрвеня стала вядома, што адпаведную заяўку падае Нікарагуа.

15 траўня 2025 года ўступіла ў сілу поўнафарматнае пагадненне аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і Іранам.

Падзяліцца: