Мінск 02:02

Чамаданава хоча ператварыць “Белую Русь” у “палітычную апору” для Лукашэнкі да выбараў-2030

Вольга Чамаданава ў першым шэрагу (сёмая злева)
Фота з тэлеграм-канала партыі "Белая Русь"

28 чэрвеня, Позірк. Да адзінага дня галасавання ў 2029 годзе “Белая Русь” павінна выйсці “вядучай палітычнай сілай” краіны “паводле колькасці і паводле сутнасці”, а да “прэзідэнцкай кампаніі 2030 года стаць палітычнай апорай <…> нацыянальнага лідара”, заявіла новая кіраўніца створанай у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі партыі Вольга Чамаданава 28 чэрвеня на III з’ездзе ў Мінску.

Варта адзначыць, што Лукашэнка не заяўляў пра намер ісці на восьмы тэрмін у 2030 годзе. Многія дэмакратычныя краіны адмовіліся прызнаваць яго легітымным прэзідэнтам як пасля выбараў-2020, так і пасля выбараў-2025. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

“У якасці асобнага кірунку хачу адзначыць партыйны кантроль як праяву прынцыпу справядлівасці, — цытуе дзяржагенцтва БелТА былога прэс-сакратара МУС, а пасля галоўнага ідэолага Мінска, якая 27 чэрвеня стала за стырно праўладнай партыі. — Партыя народнай большасці не можа заставацца ў баку ад тых рэальных праблем, складанасцей і выклікаў, якія ўзнімаюць і агучваюць нашы людзі. У любой сферы”.

“Белай Русі”, падкрэсліла кіраўнік палітычнай структуры, належыць таксама выпрацаваць “свае жывыя і эфектыўныя ідэалагічныя праекты”, вынікам рэалізацыі якіх павінны стаць “кансалідацыя грамадства і ўдзел грамадзян у адстойванні нацыянальных інтарэсаў і незалежнасці краіны”.

“Наша партыя павінна стаць той самай найвышэйшай школай падрыхтоўкі і прафесійнага росту патрыётаў-кіраўнікоў, гатовых браць на сябе адказнасць, працаваць з людзьмі, адстойваць свае грамадзянскія і палітычныя пазіцыі, не пабаюся гэтага слова — быць палітыкамі”, — заявіла партыйны лідар.

Чамаданава лічыць, што палітычная праца “не павінна весціся на кухнях або ў закрытых чатах і пабліках”. Паводле яе слоў, “Белая Русь” павінна стаць “платформай для адкрытых дыскусій, але дзейнічаць з апорай” на сваю праграму і “на падставе прынцыпу дэмакратычнага цэнтралізму”. “Абмяркоўваць гатовыя розныя ідэі, але калі рашэнне прынятае — дзейнічаць як партыйны маналіт”, — патлумачыла яна.

Акрамя таго, “Белай Русі”, на думку Чамаданавай, патрэбныя “сумесныя міжнародныя праекты, ініцыятывы”, партыя павінна “своечасова рэагаваць на падзеі, што адбываюцца ў свеце, заклікаць <…> міжнародных партнёраў да салідарнасці, выкарыстоўваць партыйныя каналы для садзейнічання знешняй палітычнай лініі” Лукашэнкі.

Адметна, што падчас паслання народу і парламенту 31 сакавіка 2023 года Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі не будзе “партыі ўлады”.

Напрыканцы 2022 года Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які пастрожыў патрабаванні да палітычных сіл і абавязаў усе існыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі.

Неўзабаве пасля гэтага, у сакавіку, была заснаваная “Белая Русь” (зарэгістраваная ў траўні). З’явілася на базе аднайменнага грамадскага аб’яднаньня (пры яго захаваньні), створанага ў 2007 годзе для дэманстрацыі нібыта шырокай падтрымкі курсу ўладаў.

Улетку і ўвосень 2023 года было скасавана 12 палітычных сіл — Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, Беларуская аграрная партыя (самаліквідавалася).

У краіне засталося чатыры праўладныя партыі — “Белая Русь”, Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП), Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС).

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка звярнуў увагу на тое, што ў працэсе перафарматавання партыйнага поля Беларусі рэжым Лукашэнкі фактычна скапіяваў структуру ніжняй палаты расійскага парламента. “Белую Русь” ён параўнаў з “Адзінай Расіяй”, а КПБ, ЛДП і РПТС — з Камуністычнай партыяй Расійскай Федэрацыі, Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Расіі і партыяй “Справядлівая Расія — Патрыёты — За праўду” адпаведна.

Падзяліцца: