Мінск 08:40

Беларусь і Батсвана дамовіліся аб стварэнні пастаяннай камісіі па супрацоўніцтве

Фота: МЗС

1 ліпеня, Позірк. Працаваць над стварэннем сумеснай камісіі па супрацоўніцтве дамовіліся на сустрэчы 1 ліпеня ў Мінску міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў і кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Батсваны Феніa Бутале.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў, апублікаванай на сайце МЗС Беларусі.

Таксама адзначаецца, што бакі “абавязаліся актывізаваць абмен двухбаковымі візітамі, у тым ліку на вышэйшым узроўні, і падкрэслілі неабходнасць актыўнай, скіраванай на вынікі працы па фарміраванні прадметнага парадку дня для такіх візітаў”.

Акрамя таго, Рыжанкоў і Бутале дамовіліся правесці першы раўнд міжмідаўскіх кансультацый на ўзроўні сваіх намеснікаў у Габаронэ ў 2026 годзе, “паскорыць распрацоўку двухбаковага пагаднення аб бязвізавым уездзе для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых (афіцыйных) пашпартоў”, а таксама “ўмацоўваць супрацоўніцтва ў межах ААН і іншых міжнародных арганізацый”.

Паведамляецца, што візіт у Беларусь Бутале праходзіць 1–4 ліпеня, чакаецца, што ён наведае буйныя прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы прэзідэнта Батсваны Думу Бока з перамогай яго партыі на ўсеагульных выбарах і яго абраннем на найвышэйшую пасаду 11 лістапада 2024 года, адзначыў “перспектывы супрацоўніцтва ў забеспячэнні харчовай бяспекі і трансферу тэхналогій у аграпрамысловым комплексе, горназдабываючай прамысловасці і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях”.

“Вынікі галасавання яшчэ раз пацвердзілі трываласць батсванскай дэмакратычнай сістэмы. Перакананы, курс устойлівага развіцця і мадэрнізацыі краіны будзе працягнуты пад вашым кіраўніцтвам. Мінск зацікаўлены ў нарошчванні доўгатэрміновых сувязей з Габароне”, — заявіў Лукашэнка.

Батсвана атрымала незалежнасць ад Вялікабрытаніі 30 верасня 1966 года. У Батсване больш за 10 палітычных партый, аднак усе кіраўнікі дзяржавы прадстаўлялі толькі адну — Дэмакратычную партыю Батсваны.

Між тым на выбарах 2024 года перамагла кааліцыя “У абарону дэмакратычных перамен” (АДП), якую ачольвае Бока.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Батсванай устаноўленыя ў 2003 годзе. Узаемны знешні гандаль блізкая да нуля.

Падзяліцца: