МЗС абвінаваціў Суд ЕС у прадузятасці за адмову зняць санкцыі з прадпрыемстваў “Гродна Азот” і “Хімвалакно”

8 ліпеня, Позірк. Рашэнне Суда Еўрапейскага саюза, які адхіліў скаргу ААТ “Гродна Азот” і яго філіяла “Хімвалакно” на адмову зняць з іх санкцыі, “хоць і выклікае глыбокае расчараванне, з’яўляецца даволі прадказальным”, заявіла 8 ліпеня Міністэрства замежных спраў.
На думку ведамства, згаданае рашэнне “яшчэ раз развеяла міф пра справядлівасць і аб’ектыўнасць еўрапейскай судовай сістэмы, які актыўна навязваецца”, пры гэтым <…> “любому непрадузятаму спецыялісту ў прававой галіне відавочна, што санкцыйны рэжым Еўрапейскага саюза не толькі ўжываецца з грубым парушэннем Статута ААН, але і складзены такім чынам, што, па сутнасці, можа быць выкарыстаны ў дачыненні да любой юрыдычнай або фізічнай асобы без належных прававых падстаў”.
У МЗС адзначылі, што “еўрапейская бюракратыя не спрабуе выконваць нават знешнія правілы юрыдычнай прыстойнасці, уключаючы прэзумпцыю невінаватасці і дастатковасць доказаў”. Пры гэтым заяўляецца, што “беларускім юрыдычным асобам заблакавана права на атрыманне кваліфікаванага юрыдычнага кансультавання ў ЕС, іншай неабходнай прававой дапамогі”.
Ведамства заклікала ЕС “адмовіцца нарэшце ад згубнай практыкі выкарыстання незаконных абмежавальных мер, што з’яўляюцца выключна інструментамі нядобрасумленнай канкурэнцыі і палітычнага ціску”.
3 ліпеня стала вядома, што вышэйшая інстанцыя Суда Еўрапейскага саюза (Court of Justice, у рускай мове таксама называюць Еўрапейскі суд) адхіліла апеляцыйную скаргу прадпрыемстваў “Гродна Азот” і “Хімвалакно” на адмову першай інстанцыі Суда ЕС (General Court, Агульны суд) зняць санкцыі з гэтых беларускіх арганізацый.
Савет ЕС увёў абмежавальныя меры супраць згаданых прадпрыемстваў 2 снежня 2021 года — за рэпрэсіі кіраўніцтва супраць работнікаў, а таксама за фактычнае фінансаванне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Арганізацыі палічылі падставы ўключэння ў санкцыйны спіс неабгрунтаванымі і паспрабавалі аспрэчыць рашэнне Савета ЕС. У пазове, пададзеным у Суд ЕС, яны ўказалі, што дзейнічаюць у адпаведнасці з заканадаўствам, а іх адлічэнні нельга кваліфікаваць як падтрымку ўладаў.
Першая інстанцыя Суда ЕС не прыняла іх аргументы і рашэннем ад 21 лютага 2024 года пацвердзіла правамернасць увядзення санкцый.
У апеляцыі прадпрыемствы скардзіліся на тое, што першая інстанцыя выкарыстоўвала дакументы, прадстаўленыя імі для абароны, супраць іх саміх. Вышэйшая інстанцыя ў рашэнні ад 3 ліпеня адзначыла, што першая інстанцыя не сказіла даныя, а “лагічна іх вытлумачыла”.
На спробу арганізацый даказаць, што пералічэнне прыбытку дзяржаве — гэта падатак, а не добраахвотная падтрымка, суд канстатаваў, што нават абавязковы характар адлічэнняў не змяняе сутнасці — грошы пералічваюцца дзяржаве, якая вядзе рэпрэсіўную палітыку.
“Гродна Азот” і “Хімвалакно” ў апеляцыі называлі недаказаным тое, што сумы былі настолькі істотнымі, каб можна было гаварыць пра “фінансаванне рэжыму”. Вышэйшая інстанцыя адзначыла, што памер адлічэнняў не мае значэння, дастаткова факту рэгулярнасці выплат, каб лічыць іх унёскам у фінансаванне рэжыму.
Такім чынам, вышэйшая інстанцыя прызнала рашэнне першай інстанцыі правільным, санкцыі былі захаваныя.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа першае паўгоддзе фізасобы прадалі наяўнай валюты на 1,23 млрд долараў больш, чым набылі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства