Мінск 04:39

З-за тэхнічнага збою па картках трох банкаў могуць быць адмоўныя балансы — працэсінгавы цэнтр

9 ліпеня, Позірк. У сувязі з тэхнічным збоем, які адбыўся ў апаратна-праграмным комплексе 9 ліпеня, могуць быць адмоўныя балансы па картках ААТ “ААБ Беларусбанк”, “Белаграпрамбанк” і “Белінвестбанк”, паведамляе прэс-служба Банкаўскага працэсінгавага цэнтра (БПЦ).

Адзначаецца, што цяпер праводзяцца “работы па ўстараненню гэтай сітуацыі”, у бліжэйшы час балансы “будуць урэгуляваны”.

БПЦ таксама прынёс прабачэнні за дастаўленыя нязручнасці.

Дырэктар БПЦ Аляксандр Сотнікаў у каментары “Першаму інфармацыйнаму” тэлеканалу заявіў, што праблема выявілася каля дзевяці гадзін раніцы.

“Работнікі і спецыялісты “Банкаўскага працэсінгавага цэнтра” працуюць над гэтай сітуацыяй. Мы ведаем, як яе выправіць. Нам патрэбна некаторая колькасць часу. Мы спадзяемся, што да 14 гадзін усе праблемы будуць ліквідаваны, і людзі ўбачаць на сваіх картках рэальныя рэшткі”, — сказаў ён.

Грошы “нікуды не падзеліся, ніхто іх не скраў”, “усё будзе добра”, дадаў Сотнікаў.

“Беларусбанк” папярэджваў, што трымальнікі плацежных картак у ноч на 8 ліпеня могуць сутыкнуцца з часовымі цяжкасцямі пры правядзенні некаторых аперацый у сувязі з правядзеннем тэхналагічных работ.

Маштабны збой работы плацежных картак адбыўся ў траўні 2022 года, калі БПЦ паведаміў аб праблеме, “звязанай з частковай непрацаздольнасцю праграмна-тэхнічнага комплексу”.

Тады карты не працавалі “ў метро, ​​таксі, на чыгунцы і “Белпошце” некалькі гадзін. Тлумачачы прычыны збою, у арганізацыі правялі аналогію з перазагрузкай камп’ютара”.

Падзяліцца: