Мінск 12:55

Лукашэнка запрасіў прэзідэнта Манголіі ў Беларусь

Аляксандр Лукашэнка дорыць мангольскаму прэзідэнту Ухнаагійну Хурэлсуху два трактары "Беларус" (4 чэрвеня 2024 года)
Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

11 ліпеня, Позірк. Прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух запрошаны ў Беларусь, наведаць якую прапанавана ў зручны для яго час, вынікае з віншавання, якое Аляксандр Лукашэнка 11 ліпеня накіраваў кіраўніку гэтай дзяржавы ў Паўночна-Усходняй Азіі з нагоды нацыянальнага свята — фестывалю Наадам.

У пасланні, тэкст якога апублікавала прэс-служба беларускага палітыка, гаворыцца, што Мінск накіраваны на “далейшае развіццё ўзаемавыгаднай супрацы з Манголіяй па шырокім спектры напрамкаў, а таксама на ўмацаванне сяброўскіх сувязей паміж народамі дзвюх краін”. Лукашэнка прызнаўся, што з “цеплынёй узгадвае” свой візіт у гэтую “краіну вечна блакітнага неба”.

Фестываль Наадам, які паслужыў прычынай віншавання, на думку Лукашэнкі, “адлюстроўвае сутнасць мангольскай культуры, падкрэслівае моц і трываласць нацыі, якая беражліва шануе сваю гістарычную спадчыну”.

Наадам — ​​традыцыйныя спаборніцтвы ў мангольскай барацьбе, скачках і стральбе з лука, якімі ў краіне адзначаюць сярэдзіну лета.

Віншуючы мангольскага прэзідэнта з той жа нагоды год таму, Лукашэнка заяўляў пра гатоўнасць Мінска супрацоўнічаць з Улан-Батарам “ва ўсіх сферах, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс”. Тады ён выказаў перакананасць, што ў бліжэйшы час краіны рэалізуюць “шэраг важных двухбаковых праектаў” у галіне “сельскай гаспадаркі і прамысловасці, адукацыі і навукі, моладзевых і жаночых арганізацый”.

Лукашэнка наведваў Манголію з дзяржаўным візітам 1–4 чэрвеня 2024 года. У перадапошні дзень паездкі ён падпісаў з прэзідэнтам гэтай краіны дагавор аб сяброўскіх стасунках і супрацы.

Акрамя таго, былі падпісаныя міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі і дарожная карта супрацы профільных міністэрстваў абедзвюх краін на 2024-2026 гады; мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам юстыцыі і ўнутраных спраў Манголіі і Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі аб узаемным прызнанні і абмене пасведчанняў кіроўцы; дарожная карта супрацы ў галіне сельскай гаспадаркі ды інш.

Напярэдадні прыбыцця Лукашэнкі экс-прэзідэнт Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж (2009–2017) заклікаў цяперашнія ўлады дзяржавы арыштаваць візіцёра, які “здзейсніў злачынствы супраць чалавечнасці”. Гэта, на яго думку, палепшыла б імідж краіны.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падзякавала мангольскаму палітыку за “рашучы заклік прыцягнуць беларускага дыктатара да адказнасці” і заявіла, што Лукашэнка “павінен паўстаць перад міжнародным трыбуналам”.

Падзяліцца: