Лукашэнка гатовы аднаўляць стасункі з Малдовай пры дапамозе прарасійскага палітыка Додона

12 ліпеня, Позірк. Беларускія ўлады “гатовыя да супрацы з Малдовай”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 12 ліпеня ў Мінску на сустрэчы з экс-прэзідэнтам гэтай краіны, а цяпер кіраўніком прарасійскай Партыі сацыялістаў Ігарам Дадонам.
Гаспадар сустрэчы паскардзіўся на тое, што малдаване ад беларусаў “адарваныя вайной”, не згадаўшы, што поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны, якая распасціраецца паміж Беларуссю і Малдовай, развязаў аб’ект сімпатыі госця — Расія.
“Лагістыка ўскладнілася. Але свет цесны. Няма безнадзейных сітуацый, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Таму кіраўніцтва Малдовы, народа Малдовы будзе мець жаданне вярнуцца да нашай супрацы і прымножыць яе, Ігар Мікалаевіч, ведайце, што вы для нас там не чужы чалавек. Мы гатовыя праз вас, калі вы пагадзіцеся, аказваць садзейнічанне, аднавіць усё тое, што было страчана за гэтыя гады”.
На думку Лукашэнкі, аднавіць стасункі не складана: “Шлях прабіты, пракладзены. Мы ведаем, што трэба Малдове. Вы ведаеце нас добра. Мы заўсёды былі абавязковыя ў стасунках з вамі і гатовыя ў гэтым плане дзейнічаць”.
Такім чынам, беларускі палітык даў зразумець, што зводзіць сутнасць міждзяржаўных стасункаў выключна да эканамічных інтарэсаў, у той час як на змяненне характару гэтых стасункаў у большай ступені паўплывала ідэалагічнае і геапалітычнае разыходжанне — афіцыйны Мінск арыентаваны на РФ, а Кішынёў паслядоўна рухаецца ў бок інтэграцыі з Еўрасаюзам.
“Маё стаўленне да Малдовы ведаеш. Гэта квітнеючы сад, у якім жыве цудоўны народ, працавіты вельмі народ, вельмі падобны да беларусаў, — сказаў Лукашэнка Дадону. — На жаль, так склалася, што мне вельмі складана пабываць у Малдове праз тую палітыку, якую там вы праводзіце зараз”.
“Не мы. Яны (гаворка пра цяперашняе праеўрапейскае кіраўніцтва краіны. — “Позірк”.)”, — парыраваў госць.
Паводле слоў Лукашэнкі, “самае вялікае”, што яго “ў жах нават прывяло”, — гэта размовы “з нагоды нібыта страты незалежнасці Малдовы і ўключэння ў склад суседняй дзяржавы”. “Катастрофа. Але я гэтаму не веру, — заявіў ён. — Таму што малдаване, жыхары Малдовы, асабліва Кішынёва, людзі недурныя. <…> Няма такога народа, які б самастойна пазбавіў сябе незалежнасці сам па сабе. Я гэта чую, але ў гэта не веру”.
Верагодна, Лукашэнка мае на ўвазе, варыянт уступлення Малдовы ў ЕС шляхам зліцця з суседняй Румыніяй. Гэтая прапанова перыядычная гучыць з 1990-х гадоў, прычым пераважна з румынскага, а не малдаўскага боку.
Старшыня камуністычнай партыі Малдовы, прэзідэнт краіны ў 2001–2009 гадах Уладзімір Варонін прызнаваў еднасць малдаўскага і румынскага народаў, але адкрыта не выступаў за аб’яднанне краін. Выканаўца абавязкаў кіраўніка дзяржавы Міхай Гімпу (2009–2010) казаў, што аб’яднанне магчымае пры жаданні народа. Ад некаторых палітыкаў паступала прапанова стварыць федэрацыю ў складзе дзвюх дзяржаў.
Прыхільнікам ідэі аб’яднання быў прэзідэнт Румыніі Траян Бэсеску (2004–2014), не выключаў такой магчымасці, хаця падтрымліваў самастойны шлях Малдовы ў ЕС папярэдні прэзідэнт Клаўс Ёханіс (2014–2025).
Лукашэнка на сустрэчы з Дадонам даў “савет старажытнага палітыка”: “Не рвіцеся вы ані ў якія саюзы (гаворка, верагодна, пра ЕС і НАТО. — “Позірк”.), ніхто вас нідзе не чакае”.
“Вы бачылі, як любілі еўрапейцы, напрыклад, Украіну. Як толькі Украіна транзітам праз ЕС хацела паставіць збожжа летась, яе пачалі блакаваць, не далі правезці. Нават у Афрыку Украіна не магла паставіць гэтае зерне. Паводле той інфармацыі, якую мы атрымліваем. Вы што, думаеце, малдаван там чакаюць і асаблівае будзе стаўленне? Дакладна так будзе з вашай аграрнай прадукцыяй, віном і гэтак далей і да таго падобнае”, — сказаў ён.
У сваю чаргу Дадон выказаў шкадаванне праз тое, што “ў апошнія 3–4 гады двухбаковы парадак дня” фактычна адсутнічае і гэта негатыўна адбіваецца на гандлёва-эканамічнай супрацы. “Мы хочам вярнуць наш стратэгічны дыялог, якім ён быў, калі мы займаліся нашымі двухбаковымі стасункамі”, — заявіў экс-прэзідэнт Малдовы, не ўдакладніўшы, ад чыйго імя ён кажа.
Па выніках выбараў у Малдове ўвосені 2024 года прэзідэнтам краіны была пераабраная праеўрапейскі палітык Мая Санду. Па выніках другога тура яна набрала 55,35% галасоў выбаршчыкаў, яе апанент — прарасійскі палітык Аляксандр Стаянагло, якога падтрымлівае партыя Дадона, — 44,65%.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская не раз сустракалася з Санду. У парламенце краіны дзейнічае група “За дэмакратычную Беларусь”.
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы за год падаражэлі на 9%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ЭканомікаЕЭК: У Беларусі, Казахстане і Расіі ў траўні вырасла афіцыйнае беспрацоўеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+