Мінск 16:10

“Альтэрнатыва для Германіі” працягвае цікавіцца нямецкім фінансаваннем фонду BySol (абноўлена і дапоўнена)

Удакладнены характар запыту, працытаваныя ягоныя пункты, дададзеная інфармацыя пра папярэдні запыт у частцы, якая датычылася BySol

Крыніца: сацсеткі BySol

15 ліпеня, Позірк. Група дэпутатаў Бундэстага ад апазіцыйнай партыі “Альтэрнатыва для Германіі” (“АдГ”) накіравала ва ўрад запыт “па далейшых пытаннях актуальнай праблематыкі адносін паміж Беларуссю і Германіяй”.

Сярод іншага фракцыя партыі, якая выступае за супрацоўніцтва з уладамі Беларусі і Расіі, пацікавілася фінансаваннем фонду BySol з федэральнага бюджэту ФРГ, а таксама аб’ёмамі дзяржаўных выдаткаў на былых беларускіх палітвязняў, што знаходзяцца на нямецкай тэрыторыі. Увагу на гэта звярнуў кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак.

“Дзіўная ўвага з боку партыі, дэпутат якой зарабляе на працы палітычных арыштантаў у Беларусі. Маленькая паслуга для беларускіх дзяржорганаў за вырашчаную цыбульку?” — задаўся пытаннем Стрыжак, маючы на ўвазе рэзанансную гісторыю пра кампанію “Цыбулька-Бел” (аграгарадок Гуды, Лідскі раён Гродзенскай вобласці).

У запыце, накіраваным ва ўрад 9 ліпеня, пяць пунктаў:

1. Ці фінансаваліся раней і ці фінансуюцца цяпер у Германіі праекты фонду салідарнасці BySol (калі так, то якія, з якога часу і на якую суму)?

2. Ці вяліся перамовы на тэму стварэння Цэнтра дакументацыі Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі ў Еўропе (урад ФРГ ухваліў яго канцэпцыю ў траўні 2022 года. — “Позірк”.) з беларускімі, расійскімі ці ўкраінскімі няўрадавымі арганізацыямі або ўрадамі; калі так, то калі, з якімі і на якую тэматыку?

3. Ці выдаткоўваюцца з федэральных сродкаў для “былых палітвязняў” таксама грошы на такіх жа беларускіх былых зняволеных, што знаходзяцца ў Германіі, і калі так, то колькі і ў якім памеры?

4. Ці сфармаваў федэральны ўрад меркаванне адносна дыпламатычнага поспеху ЗША, якія дамагліся вызвалення С. Ціханоўскага і яшчэ 13 зняволеных дзякуючы спецпрадстаўніку Келагу, і калі так, то якое, у тым ліку на прадмет таго, што Германія і, магчыма, Еўрапейскі саюз могуць вучыцца ў амерыканскай дыпламатыі?

5. Ці звярталася па прававую дапамогу да Германіі Генеральная пракуратура Беларусі ў рамках расследавання злачынстваў нацыянал-сацыялізму на беларускай тэрыторыі, і калі так, то калі, колькі разоў і з якім вынікам?

Цяперашні запыт з’яўляецца другой часткай запыту, пададзенага “АдГ” ва ўрад 26 траўня 2025 года на тэму германска-беларускіх адносін. У першым запыце BySol таксама згадваўся. Канкрэтна гаворка ішла пра прэс-рэліз “Падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасць”, выпушчаны 1 кастрычніка 2024 года нямецкім фондам “Памяць. Адказнасць. Будучыня”. У ім гаварылася, што фонд “хутка адрэагаваў” на “пашырэнне расійскай агрэсіі супраць Украіны 24 лютага 2022 года” фарміраваннем “бюджэту салідарнасці” ў памеры 800 тыс. еўра для “падтрымкі грамадзянскай супольнасці ва Украіне, Беларусі і Расіі”. Партнёрам нямецкага фонду быў абраны BySol. “Цяпер падавацца ў BySol на атрыманне падтрымкі могуць праекты з Беларусі, Літвы, Польшчы, Грузіі і Германіі”, — адзначалася ў прэс-рэлізе.

“АдГ” заявіла, што праз BySol нямецкі фонд падтрымлівае беларускую апазіцыю, і назвала гэта ўмяшаннем ва ўнутраныя справы Беларусі. Партыя запытала інфармацыю, якія праекты і ініцыятывы рэалізуюць фонд “Памяць. Адказнасць. Будучыня” і BySol, час і месцы іх рэалізацыі, аб’ёмы фінансавання, назвы партнёраў BySol, атрымальнікаў і спонсараў.

У адказе ўрада ад 7 чэрвеня паведамлялася, што са жніўня 2024 года па чэрвень 2025-га сума падтрымкі з боку нямецкага фонду склала 95 тыс. еўра. Гранты былі выдзелены арганізацыям у Польшчы, Германіі, краінах Балтыі і на Каўказе. Урад заявіў, што не валодае іншай інфармацыяй пра партнёрскія арганізацыі і праекты.

27 сакавіка Савет Еўрапейскага саюза ўвёў санкцыі супраць 25 фізічных і 7 юрыдычных асоб з Беларусі. У ліку іншых у санкцыйны спіс уключылі ТАА “Цыбулька-Бел”.

Раней паведамлялася, што ўладальнікам кампаніі “Цыбулька-Бел” з’яўляецца дэпутат федэральнай зямлі Саксонія ад “АдГ” Ёрг Дорнау, якога падазраюць у выкарыстанні працы беларускіх палітвязняў.

У красавіку па запрашэнні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Мінск наведаў дэпутат ландтага федэральнай зямлі Баварыя, сябра “АдГ” Ульрых Зінгер.

Міністэрства замежных спраў Германіі, каментуючы 2 красавіка “Позірку” інфармацыю пра візіт Зінгера ў Мінск, адзначыла, што “федэральны ўрад рашуча асудзіў сістэмныя рэпрэсіі ў Беларусі”, “гэта датычыцца таксама парламенцкіх выбараў 2024 года, што прайшлі ў атмасферы страху”.

“Усім незалежным палітычным партыям, кандыдатам было адмоўлена ў рэгістрацыі для ўдзелу ў гэтым выбарчым працэсе. Акрамя таго, рэжым не запрасіў місію назірання Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) — насуперак міжнародным абавязацельствам Беларусі”, — падкрэсліла ведамства.

“Гэта ясна тлумачыць: працэс, з дапамогай якога была абраная беларуская Палата прадстаўнікоў, не быў ні свабодным, ні справядлівым”, — падкрэсліла знешнепалітычнае ведамства Германіі.

У каментарыі нагадалі, што рэзкае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека, а таксама падтрымка беларускім рэжымам расійскай агрэсіўнай вайны супраць Украіны сур’ёзна адбіліся на двухбаковых стасунках з Германіяй. “З гэтай прычыны федэральны ўрад да мінімуму скараціла кантакты і супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі ў Беларусі. Як Еўрасаюз мы пакрокава ўвялі санкцыі супраць адказных асоб і арганізацый у Беларусі. Новыя спісы пачалі дзейнічаць 27 сакавіка 2025 года пасля прэзідэнцкіх выбараў”, — заявілі ў МЗС.

Знешнепалітычнае ведамства прама не асудзіла візіт Зінгера ў Мінск: дэпутаты зямельных парламентаў палітычна нікому не падпарадкоўваюцца і арганізуюць свае паездкі на ўласную адказнасць.

Зінгер у сакавіку 2024 года наведваў Расію ў якасці назіральніка на прэзідэнцкіх выбарах. Па вяртанні заявіў у інтэрв’ю нямецкаму выданню Frankfurter Allgemeine Zeitung, што вывучаў рускую мову ва ўніверсітэце, праходзіў практыку ў Маскве, з таго часу мае “добрыя сувязі” з РФ. Дэпутат таксама прызнаўся, што мае лецішча “ў прыгарадзе Масквы”.

Расію Зінгер называў “аўтарытарнай дэмакратыяй”, а развязаную ёю поўнамаштабную вайну супраць Украіны — вайной, а не “спецыяльнай ваеннай аперацыяй”, як пра яе гавораць расійскія і беларускія ўлады. У той жа час выказваў меркаванне, што “фундаментальна Расія гэтую вайну не прайграе”.

На пачатку сакавіка гэтага года Зінгер праз відэасувязь удзельнічаў у праграме “САСС упаўнаважаны заявіць” на тэлеканале СТВ, падчас якой заявіў, што на лютаўскіх выбарах у Германіі народ краіны “зрабіў дакладны выбар” на карысць “кансерватыўнага павароту” і “адыходу ад палітыкі апошніх гадоў”. “Перш за ўсё, нам патрэбныя мір і добрыя стасункі з Расіяй. І ўсё гэта магчыма толькі з “АдГ”, — сцвярджаў ён.

Аляксандр Лукашэнка рабіў стаўку на перамогу “АдГ” на пазачарговых парламенцкіх выбарах у Германіі 23 лютага 2025 года. У выніку партыя заняла другое месца, а правячую кааліцыю сфармавалі хрысціянскія дэмакраты, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў, і сацыял-дэмакраты, якія сталі трэцімі.

Падзяліцца: