Мінск 21:19

Затрыманы ў Дэпартаменце міграцыі МУС Грузіі грамадзянін Беларусі арыштаваны на тры месяцы

Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі
Фота: Раман Кісляк

16 ліпеня, Позірк. Грамадзянін Беларусі, затрыманы 14 ліпеня ў будынку Дэпартамента міграцыі МУС Грузіі, арыштаваны на тры месяцы. Рашэнне вынес у другой палове дня 15 ліпеня Тбіліскі гарадскі суд, паведаміў “Позірку” брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк, які пражывае ў гэтай краіне.

Паводле яго слоў, у суд не ўдалося перадаць дакументы для абароны беларуса, у тым ліку перакладзеныя на грузінскую мову даклад Камітэта ААН супраць катаванняў і апошнюю справаздачу спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі Анаіс Марэн (у кастрычніку 2024 года яе змяніў Нілс Муйжніекс). “З нагоды гэтага збіраюся падаць заяву ў Генеральную пракуратуру“, — сказаў праваабаронца.

Пра рашэнне суда сам арыштаваны паведаміў па тэлефоне сваёй сяброўцы. “Сувязь была дрэнная, перарывалася“, — адзначыў Кісляк са спасылкай на дзяўчыну.

У Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі беларус (імя рэдакцыі вядомае, пакуль не апублікуецца з меркаванняў бяспекі) прыйшоў падаць заяву на прытулак.

Заяўнік не абнуліў кароткачасовым выездам тэрмін знаходжання ў Грузіі — не больш за 365 дзён запар, таму дэ-юрэ знаходзіцца ў краіне нелегальна. У яго пратэрмінаваны пашпарт, які з-за дзеяння ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года нельга замяніць за мяжой. “Але форму абыходжання з грамадзянінам расцэньваю як адмову ў прыняцці заявы на прытулак і адвольнае затрыманне“, — падкрэсліў Кісляк у каментары “Позірку“ пасля затрымання суайчынніка, якому пагражае дэпартацыя ў Беларусь. У сувязі з дзеяннямі супрацоўнікаў МУС 15 ліпеня ён накіраваў генеральнаму пракурору Грузіі заяву з просьбай прыцягнуць іх да адказнасці.

Сам Кісляк 11 ліпеня атрымаў канчатковую адмову ў прытулку, прайшоўшы за некалькі гадоў усе мясцовыя інстанцыі. На працягу 30 дзён праваабаронца абавязаны пакінуць Грузію, аднак, паводле яго слоў, неабходна высветліць, калі начытаецца адлік гэтага тэрміну: з моманту вынясення рашэння або атрымання яго матывіровачнай часткі. Яе пакуль няма.

У Грузіі цяпер пражывае каля 12 тыс. беларусаў, якія эмігравалі з-за пагрозы рэпрэсій. Іх колькасць паступова змяншаецца.

Падзяліцца: