Мінск 21:35

МЗС абвінаваціла Еўрасаюз у спробах перакласці на Беларусь адказнасць за міграцыйны крызіс

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

17 ліпеня, Позірк. Мінск “прымае да ведама” заявы Варшавы, “якія абвінавачваюць Беларусь у датычнасці да інцыдэнтаў на мяжы”, заявіла 17 ліпеня Міністэрства замежных спраў.

“Спробы перакласці адказнасць за міграцыйны крызіс у ЕС на Беларусь уводзяць у зман, з’яўляюцца непрадуктыўнымі, — гаворыцца ў заяве. — Дзеянні самога Еўрапейскага саюза, уключаючы ваенныя інтэрвенцыі, палітычны ціск і безразважную палітыку змены рэжымаў, дэстабілізавалі цэлыя рэгіёны, змусіўшы мільёны людзей бегчы”.

Знешнепалітычнае ведамства сцвярджае, што “ЕС адмаўляецца ад канструктыўнага ўзаемадзеяння з краінамі паходжання мігрантаў, ігнаруючы карэнныя прычыны міграцыі”. Пры гэтым, як заяўлена, “Брусель замарозіў увесь дыялог з Беларуссю, уключаючы экспертны ўзровень, што прывяло да спынення супрацы па пытаннях мяжы і міграцыі”.

“Абвінавачанні на адрас Беларусі не вырашаць крызіс, які стварыла сама Еўропа”, — падкрэслівае МЗС.

17 ліпеня польскі міністр унутраных спраў і адміністрацыі Томаш Сямоняк заявіў, што ў Варшаве “вельмі сур’ёзна” ўспрымаюць інцыдэнт, які адбыўся 15 ліпеня, калі ў бок Польшчы праз агароджу на мяжы з Беларуссю кінулі бутэльку з запальнай сумессю.

“Без беларускіх спецслужбаў гэтага б не адбылося, і мы будзем рашуча пратэставаць, — сказаў чыноўнік. — Таму што Беларусь нясе адказнасць за тое, што адбываецца з яе боку, і гэтая сітуацыя — яўная спроба правакацыі, спроба распаліць абстаноўку”.

“Я абмеркаваў здарэнне з міністрам замежных спраў Радославам Сікорскім, і мы зробім адпаведныя захады. Я не хачу забягаць наперад. Памежная служба на ўзроўні ўпаўнаважаных ужо заявіла беларускаму боку рашучы пратэст”, — сказаў ён.

Міністр падкрэсліў, што “падобныя сітуацыі непрымальныя”. Паводле яго слоў, “на шчасце, тут ніхто не пацярпеў, але нядаўнія выпадкі — гэта эскалацыя”.

16 ліпеня міністр нацыянальнай абароны краіны Уладзіслаў Касіняк-Камыш таксама заявіў пра нарастанне агрэсіі з боку мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Польшчу з беларускай тэрыторыі.

“Агрэсія на ўсходняй мяжы ўзмацняецца. Салдаты зазнаюць напады не толькі з камянямі, але і з бутэлькамі, напоўненымі гаручымі вадкасцямі. Кожны такі напад — гэта напад на польскую дзяржаву”, — адзначыў чыноўнік.

Прэс-сакратар міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Яцэк Дабжыньскі ў сваю чаргу паведаміў, што 15 ліпеня пасля 22:00 “супрацоўнікі і салдаты памежнай службы зазналі напад з боку асоб, якія знаходзіліся па той бок загароды”.

“На абаронцаў нашай мяжы абрынуўся град камянёў, а адзін з нападнікаў кінуў у іх бутэльку з запальнай сумессю, — адзначыў прадстаўнік МУСіА. — Кінутая бутэлька разбілася аб дарогу, а вадкасць, якая вылілася, загарэлася. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Падчас аперацыі былі затрыманыя 10 замежнікаў (пяцёра грамадзян Афганістана і пяцёра грамадзян Эрытрэі), якія застаюцца ў распараджэнні Памежнай аховы”.

“Гэты інцыдэнт абуральны і непрымальны. Перакананы, што ён не мог адбыцца без ведама і згоды беларускіх спецслужбаў. Уся адказнасць за гэты інцыдэнт ляжыць на Беларусі, якая ўжо некалькі гадоў вядзе агрэсіўныя дзеянні на гэтым участку мяжы”, — напісаў Дабжыньскі на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Праведзены “Позіркам” аналіз даных памежных службаў суседніх дзяржаў ЕС паказаў, што ад пачатку 2025 года яны прадухілілі 24,3 тыс. спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з беларускай тэрыторыі, у тым ліку Польшча — 16,3 тыс.

Падзяліцца: