Мінск 02:49

Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыю на прыгавор блогеру Матольку

Фота: tut.by

17 ліпеня, Позірк. Вярхоўны суд 19 жніўня разгледзіць апеляцыйную скаргу на прысуд блогеру Антону Матольку, паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

3 чэрвеня Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці”.

Суд таксама пастанавіў спагнаць з яго штраф у памеры 2.000 базавых велічынь (84 тыс. рублёў).

Паводле версіі абвінавачання, Матолька сярод іншага “напрыканцы траўня 2020 года арганізаваў і ажыццяўляў кіраўніцтва змовай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.

Пракуратура назвала блогера стваральнікам, адміністратарам і кіраўніком шэрагу тэлеграм-каналаў — “МотолькоПомоги”, “Диаспоры Беларуси против войны: Дзечат” і “Беларускі Гаюн”.

Пра тое, што пракуратура накіравала справу Матолькі ў суд, стала вядома 14 лістапада 2024 года. Тады ведамства паведамляла, што блогер абвінавачваецца паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Яму паставілі ў віну змову з мэтай захопу дзяржулады (ч. 1 арт. 357); арганізацыю масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293), групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342); распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 3 арт. 130); публічныя заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361); пагрозу гвалтам, паклёп і “публічную абразу прэзідэнта” (ч. 2 арт. 366, ч. 2 арт. 367, ч. 1 і ч. 2 арт. 368); дыскрэдытацыю Беларусі (арт. 3691); стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і ч. 2 арт. 3611, ч. 2 арт. 361); здраду дзяржаве (ч. 1 арт. 356).

У параўнанні з інфармацыяй Следчага камітэта, які абвясціў пра спецвытворчасць у дачыненні да Матолькі летась 22 ліпеня, спіс артыкулаў скараціўся на два: 3612 (у рэдакцыі КК 2016 года, фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання) і 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Праект “Беларускі Гаюн” быў заснаваны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам ваеннай актыўнасці ў Беларусі. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

“Мы не ведаем, які аб’ём даных мог быць выгружаны за той час, пакуль у старонняга акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй“, — паведаміў Матолька.

Блогер папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторым з іх удалося эміграваць.

На 11 ліпеня па меншай меры 6 судовых працэсаў ужо адбылося па справе “Беларускага Гаюна“, паведамляў праваабарончы цэнтр “Вясна“.

Праваабаронцы нагадалі, што ў апошнія месяцы ў Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі згаданаму маніторынгаваму праекту. Вядомыя імёны 26 фігурантаў справы, якія знаходзяцца пад вартай, але агульная лічба затрыманых значна большая.

Аб масавых затрыманнях па справе “Беларускага Гаюна” паведамлялася 2 траўня.

Падзяліцца: