Міжнародная федэрацыя гімнастыкі дазволіла беларускім спартсменам выступаць у групавых і камандных відах

17 ліпеня, Позірк. Міжнародная федэрацыя гімнастыкі (FIG) дазволіла беларускім спартсменам удзельнічаць у спаборніцтвах пад сваёй эгідай у групавых і камандных дысцыплінах, паведаміла 17 ліпеня прэс-служба Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
“Гэтае рашэнне адкрывае перспектывы для многіх дысцыплін. Напрыклад, у скачках на батуце ў найбліжэйшых стартах беларусы змогуць прэтэндаваць на медалі ў сінхронных, а таксама змешаных сінхронных скачках. Гэта асабліва важна перад чэмпіянатам свету, які пройдзе ў Памплоне (Іспанія) у пачатку лістапада”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што ў мастацкай гімнастыцы прадстаўнікі Беларусі змогуць спаборнічаць у групавых практыкаваннях.
“Рашэнне FIG вяртае на сусветную арбіту нашы каманды па аэробіцы і спартыўнай акрабатыцы”, — заяўляе НАК.
11 ліпеня FIG паведаміла аб змене крытэрыяў допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да спаборніцтваў пад сваёй эгідай.
“Удакладненыя наступныя крытэрыі: добраахвотная прыналежнасць спартсмена да дзяржаўных структур, а таксама актыўная падтрымка рэжыму, уключаючы публічныя заявы, інтэрв’ю і актыўнасць у сацыяльных сетках”, — гаварылася ў паведамленні па выніках пасяджэння выканкама FIG ў Лазане (Швейцарыя).
Таксама адзначалася, што ўведзены “пераходны механізм”, які дазваляе “паўторна падаваць раней адхіленыя заяўкі” на ўдзел у спаборніцтвах. На думку федэрацыі, гэта павысіць “справядлівасць і празрыстасць працэдуры” і палепшыць правілы “ацэнкі нейтральнасці беларускіх і расійскіх спартсменаў”.
28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.
25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.
28 сакавіка 2024 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзеючых кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.
З аналагічнымі ўмовамі МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024.
Пасля заявы МАК шэраг міжнародных федэрацый дазволілі беларусам удзельнічаць у індывідуальных спаборніцтвах.
На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы абмежаванаю колькасць беларускіх атлетаў, якія выступалі ў нейтральным статусе, заваявалі чатыры медалі — залаты, два сярэбраныя і бронзавы, заняўшы віртуальнае 50-е месца ў агульным заліку.
Рэкамендацыя МАК не распаўсюджваецца на камандныя віды спорту, паколькі “каманды атлетаў з расійскім ці беларускім пашпартам не разглядаюцца”.
7 траўня 2025 года стала вядома, што Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) дазволіла спартсменам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у камандных спаборніцтвах пад сваёй эгідай. Прадстаўнікі дзвюх краін змогуць спаборнічаць у нейтральным статусе, каманды будуць выступаць пад сцягам FIE.
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 17 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаВіцебская вобласць — аўтсайдар па тэмпах развіцця сярод рэгіёнаў па выніках паўгоддзяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваПоўны камплект тавараў для школьніка каштуе ад 335 да 1.385 рублёў — МАРГ (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства