Мінск 00:04

Латушка назваў новы пакет санкцый ЕС дэманстрацыяй сілы Еўропы

Архіўнае фота з тэлеграм-канала АПК

18 ліпеня, Позірк. Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) “даўно звярталі ўвагу на тое, што банкаўская сістэма Беларусі задзейнічаная ў абходзе санкцыйных абмежаванняў”, заявіў намеснік кіраўніцы АПК і кіраўнік НАУ Павел Латушка, каментуючы прыняцце 18 ліпеня 18-га пакета санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Расіі, якія таксама тычацца Беларусі.

“Мы адзначалі, што аднаго адключэння ад SWIFT недастаткова — неабходна закрыць карэспандэнцкія рахункі беларускіх банкаў, якія садзейнічаюць агрэсіі. У ЕС нас пачулі. Гэтыя меры прадугледжаныя новым санкцыйным пакетам”, — цытуе Латушку прэс-служба АПК.

На думку палітыка, новы пакет санкцый “мае прывесці да скарачэння даходаў расійскага бюджэту, што адаб’ецца на магчымасцях продажу тавараў з Беларусі на расійскі рынак і на магчымасцях рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі разлічваць на фінансавую падтрымку для працягу ўнутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі”.

Акрамя таго, звярнуў увагу кіраўнік НАУ, “пад санкцыі ЕС трапляюць банкаўскія інстытуты Беларусі, якія садзейнічаюць фінансаванню і абыходу санкцый, уведзеных за агрэсію”.

“Еўропа не забылася на саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны. У спіс юрыдычных асоб у 18-м пакеце санкцый супраць Расіі ўключаны шэраг прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу рэжыму Лукашэнкі”, — заявіў Латушка.

Як прадстаўнік АПК палітык выказаў падзяку ЕС “за паслядоўнасць і прынцыповасць у сваіх дзеяннях”. “Надзеі дыктатараў на слабасць Еўропы не спраўдзіліся — Еўропа дэманструе сілу. Важна працягваць нарошчваць ціск, выкарыстоўваючы механізмы, якія сапраўды б’юць па фінансавай і ваеннай машыне дыктатарскіх рэжымаў”, — перакананы ён.

18 ліпеня Савет ЕС паведаміў, што ў 18-ы пакет санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Расіі за агрэсію супраць Украіны ўнесена восем прадпрыемстваў, звязаных з беларускім вайскова-прамысловым комплексам.

З паведамлення таксама вынікае, што новы санкцыйны пакет утрымлівае палажэнні, скіраваныя на далейшую гарманізацыю прынятых эканамічных санкцый у дачыненні да РФ і Беларусі.

“Акрамя таго, забарона на спецыялізаваныя паслугі па перадачы фінансавых паведамленняў пашыраная да поўнай забароны на транзакцыі, а таксама ўведзенае эмбарга на імпарт зброі з Беларусі”, — адзначаецца ў паведамленні.

Раней “Радыё Свабода” са спасылкай на свае крыніцы паведамляла, што пад санкцыі трапілі чатыры беларускія абарончыя прадпрыемствы, уключаючы аршанскі завод “Легмаш” (Віцебская вобласць).

Адзначалася, што будуць цалкам забароненыя фінансавыя аперацыі з беларускімі банкамі. Раней яны былі адключаныя ад SWIFT — міжнароднай сістэмы абмену банкаўскімі паведамленнямі.

“Радыё Свабода” таксама паведамляла, што мяркуецца забарона імпарту ўзбраенняў з Беларусі, пашыраны пералік тавараў, якія могуць быць выкарыстаныя ў ваенных мэтах (уключаючы тэхніку, металы, пластмасы, хімікаты), будзе ўведзеная забарона на транзіт шэрагу тавараў праз тэрыторыю краіны.

Дакумент пакуль не апублікаваны.

Падзяліцца: