Мінск 01:00

Польшча праводзіць фінальную праверку электроннага бар’ера на ўчастку мяжы з Беларуссю, які праходзіць па Заходнім Бугу

Заходні Буг (тэрыторыя Беларусі — вышэй за белую лінію)
Архіўнае відэа: ютуб-канал Patrz na Wschód / стоп-кадр: "Позірк"

21 ліпеня, Позірк. Польшча завяршыла будаўніцтва электроннага бар’ера на ўсіх участках мяжы з Беларуссю, дзе няма сталёвай агароджы, заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі краіны Томаш Сямоняк, наведваючы 21 ліпеня польска-беларускае памежжа разам з кіраўніком МУС Германіі Аляксандрам Добрынтам.

Сямоняк, словы якога прыводзіць партал мясцовага самакіравання Польшчы, паведаміў, што ў Падляскім ваяводстве на 186 кіламетрах мяжы з Беларуссю ўсталяваная сталёвая агароджа вышынёй 5,5 метра, а на 206 кіламетрах (уключаючы рачныя ўчасткі) — электронны бар’ер.

У Люблінскім ваяводстве, паводле слоў польскага міністра, праводзяцца “прыёмачныя выпрабаванні”, то бок фінальная праверка электроннага бар’ера даўжынёй 172 км на рацэ Заходні Буг (у Польшчы — Буг).

Пра тое, што на ўчастку мяжы з Беларуссю, які праходзіць па Заходнім Бугу, узводзіцца электронны бар’ер, Памежная ахова Польшчы паведамляла летась у верасні.

“Агульная даўжыня электроннага бар’ера, які праходзіць на гэтым участку ў межах дасяжнасці пагранатрада “Рака Буг”, складзе каля 172 км. Ён будзе ўключаць, сярод іншага каля 1,8 тыс. камер відэаназірання, каля 4,5 тыс. камер “дзень-ноч”, цеплавізійных камер і адмысловых датчыкаў, якія забяспечваюць выяўленне розных фізічных асаблівасцяў аб’ектаў. Плануецца пракласці каля 200 км кабеляў электразабеспячэння і столькі ж кабеляў электраперадачы, а таксама ўсталяваць каля 10 тэлекамунікацыйных кантэйнераў”, — адзначала тады ведамства.

Электронны бар’ер, як было заяўлена, “забяспечыць выяўленне падзей, звязаных з прыгранічнай злачыннасцю, у прыватнасці, нелегальнай міграцыяй і кантрабандай тавараў”.

Загарода “спраектаваная такім чынам, каб зона яе дзеяння ахоплівала ўсю працягласць мяжы з Беларуссю на планаванай да аховы прыгранічнай рацэ без узнікнення мёртвых зон”.

Інвестыцыі ў праект, паводле даных на леташні верасень, склалі каля 280 млн злотых (на той момант 69 млн долараў). Работы планавалася скончыць на працягу 12 месяцаў.

Будаўніцтва суфінансавалася Еўрасаюзам.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам даных памежнага ведамства Польшчы, ад пачатку 2025 года гэтая краіна прадухіліла, папярэдне, 16.990 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі (дакладныя даныя за папярэднія суткі з’явяцца 22 ліпеня) — на 19% менш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (20.984).

Перыядычна ў Заходнім Бугу польскія памежнікі знаходзяць целы мігрантаў, якія загінулі, спрабуючы нелегальна перасякчы мяжу.

Падзяліцца: