АПК: “Мы лічым недапушчальнай любую праяву харасменту ці дамаганняў”

22 ліпеня, Позірк. Апошнім часам у Аб’яднаным пераходным кабінеце (АПК) “з жалем назіраюць за тым, што некаторыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху, якія прадстаўляюць грамадскасць і прэтэндуюць быць лідарамі меркаванняў, не заўсёды дэманструюць важныя этычныя стандарты ў асабістым жыцці і прафесійнай дзейнасці”, гаворыцца ў заяве АПК, апублікаванай 22 ліпеня.
На думку арганізацыі, парушэнні этычных стандартаў “праяўляюцца ў тэмах хатняга гвалту, харасменту, сексуальнага пераследу, якія трапляюць у публічнае абмеркаванне”.
“Наша кансалідаваная пазіцыя заключаецца ў тым, што падобныя сітуацыі датычацца не толькі паводзінаў аднаго чалавека. Яны закранаюць больш шырокае пытанне — пра тое, якое асяроддзе мы ствараем у дэмакратычным руху і якія этычныя стандарты мы распрацоўваем і падзяляем як ролевыя мадэлі для грамадства ўвогуле і грамадскай думкі ў прыватнасці”, — адзначаецца ў заяве.
“Мы лічым недапушчальным любое праяўленне харасменту ці дамаганняў, выкарыстанне свайго статусу ў грамадзянскай супольнасці дзеля паводзінаў, што парушаюць асабістыя межы іншых людзей, прыніжаюць, абражаюць жанчын і ствараюць прастору эмацыйнай, псіхалагічнай і фізічнай небяспекі для іх. Трэба заўсёды памятаць, што любая ўлада пачынаецца з усведамлення асабістай адказнасці за свае ўчынкі і стасункі з тымі, хто табе давярае”, — адзначылі ў АПК.
У заяве канстатуецца, што “кожны чалавек, асабліва жанчыны і іншыя ўразлівыя групы, заслугоўваюць павагі да сваіх правоў і межаў і пачуцця бяспекі — без страху, што асабісты кантакт можа абярнуцца сітуацыяй дыскрымінацыі, гвалту, маніпуляцыі ці ўціску”: “І кожны, хто займае адказную пазіцыю ў грамадскіх ініцыятывах і палітычных структурах, павінен ведаць: тое, што ты робіш, калі яно наносіць шкоду камусьці, мае значэнне і наступствы для ўсёй супольнасці”.
“Мы застаёмся прыхільнікамі дэмакратыі, празрыстасці, павагі і асабістай адказнасці. І мы лічым, што адкрытае абмеркаванне складаных тэм — гэта не пагроза, а праява моцнай, дарослай і здаровай супольнасці, а таксама адмовы ад культуры замоўчвання, якая з’яўляецца часткай патрыярхату. Кожны з нас нясе адказнасць за свае словы і дзеянні, але асабліва вялікая яна ў тых, хто ўплывае на іншых, хто мае аўтарытэт ці публічную ролю”, — адзначаецца ў рэлізе.
Таксама ў тэлеграм-канале АПК апублікаваныя асобныя каментарыі яе прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай і яе першай намесніцы Аксаны Міцкевіч.
Сярод іншага Зазулінская адзначае: “Вельмі важна, каб унутры нашай супольнасці працягваўся адкрыты і спакойны дыялог на балючыя тэмы. І асабліва важна, каб праяўленні маскуліннай дамінацыі і парушэнняў асабістых межаў не ўспрымаліся як нешта звыклае ці дапушчальнае. Гэта рэальна траўмуе жанчын, што знаходзяцца ў няроўным становішчы — больш маладых, неінфармаваных, тых, хто спадзяецца на прафесійнае супрацоўніцтва, а не на выпрабаванне ўласных межаў”.
У згаданых вышэй заяве і каментарыі не сказана, што стала нагодай для іх з’яўлення.
Імаверна, яны звязаныя з матэрыялам “Андрэй Стрыжак і няпрошаныя дыкпікі”, апублікаваным 21 ліпеня на “Еўрарадыё”.
У ім сцвярджаецца, што кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак дасылаў беларускім актывісткам і жанчынам праваабаронцам дыкпікі (фотаздымкі свайго палавога члена). Некалькі прадстаўніц феміністычнай супольнасці пацвердзілі “Еўрарадыё”, што ведаюць пра сітуацыю. Ім вядома прынамсі пра сем падобных выпадкаў. Дзве дзяўчыны падзяліліся са згаданым СМІ сваімі гісторыямі.
У той жа дзень Стрыжак на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” адзначыў, у прыватнасці, што “ў жыцці кожнага чалавека бываюць учынкі, якія яму не робяць яму гонару” і папрасіў прабачэння перад усімі, каго ягоныя ўчынкі “маглі абразіць, зачапіць ці ўстрывожыць”. Паводле сцверджання кіраўніка BySol, ягоныя дзеянні “не прадугледжвалі прымусу, злоўжывання службовым становішчам, жадання нажывы або чагосьці падобнага”.
Ён таксама адмаўляе злы намер або “жаданне зрабіць каму-небудзь шкоду”.
Сітуацыя выклікала бурную дыскусію ў сацыяльных сетках.
У каментарыі Міцкевіч, аднак, кіраўнік BySol згадваецца: “Харасмент як з’ява ўвогуле і сексуальныя дамаганні ў прыватнасці не выклікаюць адназначнага асуджэння — дастаткова пачытаць каментарыі ў медыя і сацсетках пад абмеркаваннем кейса Стрыжака. Мы вельмі доўга жывём у патрыярхальным свеце, дзе стагоддзямі лічылася нармальным, што мужчына (асабліва той, хто мае ўладу і статус) можа бесперашкодна вырашаць за жанчыну, калі і як праяўляць да яе ўвагу — у тым ліку сексуальную”.
Яна прапануе праводзіць абавязковыя трэнінгі для мужчын-палітыкаў і грамадскіх лідараў — “як гэта робіцца ў Еўропе, куды мы імкнёмся”: “Нам патрэбныя ўнутраныя гендарныя палітыкі ў асяроддзі дэмакратычных сіл, якія будуць не проста прыгожа аформленыя на паперы, а сапраўды працаваць. Каб яны ўключалі індыкатары дапамогі пацярпелым, прафілактычную працу па супрацьдзеянні харасменту, а таксама любым формам дыскрымінацыі і неэтычным паводзінам, а таксама маніторынг і ацэнку” (цытата дадзена ў арыгінале).
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла другое месца па росце цэн у чэрвені і трэцяе — за першую палову 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19–21 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка