Мінск 15:30

Каардынацыйная рада з другой спробы сфарміравала вайсковую камісію

23 ліпеня, Позірк. Аб фармаванні вайсковай камісіі Каардынацыйнай рады (КР) паведаміла яе прэс-служба 22 ліпеня.

У яе склад увайшлі: Аляксандр Клачко (Блок “Воля”), Віталь Лакотка (“Каманда Латушкі” і Рух “За Свабоду”), Павел Мар’еўскі (“Еўрапейскі выбар”) і Аляксандр Камісараў (“Незалежныя Беларусы”).

Пра тое, што КР не змагла з першага разу сфарміраваць згаданую камісію, паведамлялася 16 ліпеня.

5 чэрвеня стала вядома, што КР падтрымала прапанову аб стварэнні беларускіх вайсковых падраздзяленняў у складзе Узброеных сіл замежных краін у рамках згаданай камісіі.

Прапанова была ініцыявана камісіяй КР па нацыянальнай і рэгіянальнай бяспецы.

Тады ў падтрымку прапановы выказаліся 36 членаў КР, супраць — пяць, устрымаліся — тры, 33 не ўдзельнічалі ў галасаванні.

28 траўня Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) паведамляў пра правядзенне праз платформу “Свае” апытання, ініцыяванага шэрагам парамілітарных структур і прадстаўніцтвам кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы.

Мэтай апытання было ацаніць гатоўнасць беларусаў да кантрактнай службы ў краінах НАТА ў складзе беларускіх фарміраванняў. “Удзел у апытанні ўзялі 590 чалавек, з якіх больш за 500 выказалі зацікаўленасць, а палова — адназначную гатоўнасць да службы”, — паведамілі ў АПК.

Каментуючы вынікі апытання, прадстаўнік АПК па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук адзначыў: “Больш за паўтысячы нашых суайчыннікаў выказалі гатоўнасць далучыцца да такіх фарміраванняў — ад сіл тэрытарыяльнай абароны да міратворчых місій і іншых падраздзяленняў”.

Кабанчук назваў вынікі апытання “яшчэ адным крокам да стварэння новага беларускага нацыянальнага войска”.

Падзяліцца: