У трох абласцях праводзяцца вучэнні “з улікам асаблівасцяў узброенага канфлікту” паміж Ізраілем і Іранам — Мінабароны

25 ліпеня, Позірк. Вайскоўцы 8-й радыётэхнічнай брыгады Узброеных сіл 23–25 ліпеня праводзяць брыгадныя тактычныя вучэнні, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
“Разлікі радыёлакацыйных станцый адпрацоўваюць задачы па выяўленні цэляў умоўнага праціўніка ў паветранай прасторы, а таксама трэніруюць зладжанасць дзеянняў па своечасовай перадачы даных падраздзяленням зенітных ракетных войскаў і авіяцыі”, — адзначае ведамства.
“Асаблівая ўвага” на вучэннях надаецца “барацьбе з беспілотнымі лятальнымі апаратамі і дыверсійна-разведвальнымі групамі ўмоўнага праціўніка, маскіроўцы і манеўранасці сродкаў радыёлакацыйнага выяўлення”, гаворыцца ў паведамленні.
Паводле слоў начальніка радыётэхнічных войскаў — начальніка ўпраўлення радыётэхнічных войскаў ВПС і сіл СПА Аляксандра Вараб’ёва, асаблівасць вучэнняў заключаецца ў тым, што “для ажыццяўлення практычных мерапрыемстваў задзейнічана больш за дзесятак раёнаў выканання вучэбна-баявых задач у трох абласцях краіны”.
“Падчас вучэння асабісты склад адпрацоўвае пытанні разгортвання сістэмы кіравання ў новых для нас формах з улікам асаблівасцяў узброенага канфлікту паміж Ісламскай Рэспублікай Іран і дзяржавай Ізраіль”, — сказаў Вараб’ёў.
У рэжыме рэальнага часу, дадаў ён, “асвойваюцца новыя тактычныя прыёмы, накіраваныя на павышэнне баявых магчымасцяў, у тым ліку манеўранасці і жывучасці падраздзяленняў РТВ ва ўмовах магчымага ўздзеяння высокадакладнай зброі і беспілотнай авіяцыі”.
“Вучэбныя пытанні спланаваныя такім чынам, каб баявыя разлікі з перавышэннем нарматыўнага часу па разгортванні і згортванні здзейснілі марш у прызначаныя раёны і ў самыя кароткія тэрміны былі гатовыя да баявога прымянення”, — адзначыў военачальнік.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Сітуацыя на Блізкім Усходзе абвастрылася 13 чэрвеня, калі розныя цэлі на тэрыторыі Ірана пачала атакаваць Армія абароны Ізраіля. У асноўным удары наносіліся па ваенных і ядзерных аб’ектах, атакавана больш за 1.000 цэляў. У выніку серыі кропкавых удараў было ліквідавана вышэйшае камандаванне Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, іранскай арміі і выведкі, забіта дзевяць навукоўцаў-ядзершчыкаў. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя Ірана, усяго ў краіне загінулі не менш за 627 чалавек, яшчэ 4.870 атрымалі раненні і траўмы.
Мэтай ізраільскай ваеннай аперацыі названа нанясенне крытычнага ўрону ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу Ірана.
Іран адказаў масіраванымі ўдарамі з ужываннем балістычных ракет і беспілотных лятальных апаратаў. Некаторыя ракеты ўпалі ў жылых раёнах у Тэль-Авіве, Рамат-Гане, Рышон-ле-Цыёне, Бат-Яме, Тамрэ, Хайфе, Петах-Тыкве, Беэр-Шэве і іншых населеных пунктах Ізраіля. Вядома, што загінула не менш за 28 чалавек, пацярпела амаль 1.500.
22 чэрвеня амерыканскія бамбавікі B-2 нанеслі ўдары па іранскім ядзерным аб’екце ў Форда, выкарыстаўшы шэсць процібункерных бомбаў.
Па іранскіх ядзерных аб’ектах у Натанзе і Ісфахане было запушчана 30 ракет “Тамагаўк” з падводных лодак.
У адказ Іран атакаваў вайсковыя базы ЗША ў Катары, Кувейце, Бахрэйне і ААЭ. Паводле звестак амерыканскага боку, базы ад іранскіх удараў не пацярпелі, ахвяр няма.
24 чэрвеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра перамір’е паміж Ізраілем і Іранам.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваДа 2030 года скрынінг спадчынных захворванняў у нованароджаных плануецца павялічыць у сем разоўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка