Мінск 14:19

35 гадоў таму Беларусь незваротна вярнулася на сусветную мапу — Лябедзька пра гадавіну Дэкларацыі аб суверэнітэце

Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

27 ліпеня, Позірк. 35 гадоў таму, 27 ліпеня 1990 года, дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання прынялі Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі. “За” выказалася 229 з 232 дэпутатаў, якія зарэгістраваліся на пасяджэнні, трое не галасавалі.

Паводле прапановы дэпутата Анатоля Вярцінскага парламент пастанавіў лічыць 27 ліпеня Днём Незалежнасці і штогод адзначаць яго як дзяржаўнае свята (“за” — 210 галасоў).

25 жніўня 1991 года, пасля правалу путчу кансерватыўнай часткі кіраўніцтва СССР, Вярхоўны Савет надаў дэкларацыі статус канстытуцыйнага закона.

Праца над дэкларацыяй пачалася пасля прыняцця 18 чэрвеня 1990 года прэзідыумам ВС БССР адпаведнай пастановы — праз шэсць дзён пасля таго, як свой суверэнітэт абвясціла РСФСР. Дэкларацыя была прынятая праз 11 дзён пасля ўхвалення падобнага дакумента Вярхоўным Саветам Украінскай ССР.

Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

27 ліпеня было ў Беларусі Днём Незалежнасці да 1996 года. “У блакіт бясхмарнага неба, жаўцізну збожжавых палёў, зеляніну лугоў і лясоў 27 ліпеня арганічна ўпісаліся колеры нацыянальнага сцяга Беларусі. Здавалася, пад бел-чырвона-белымі “крыламі“ знаходзілася ў панядзелак уся зямля беларуская. Рэспубліка ўрачыста адзначыла сваё нацыянальнае свята — Дзень Незалежнасці“, — пісала газета “Советская Белоруссия” 29 ліпеня 1992 года.

У лістападзе 1996 года на падставе афіцыйных вынікаў канстытуцыйнага рэферэндуму святкаванне Дня Незалежнасці было перанесенае на 3 ліпеня — дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх войскаў. Пры гэтым канчаткова тэрыторыя цяперашняй Беларусі была вызваленая ў канцы ліпеня, а сама яна амаль да канца 1991 года ўваходзіла ў склад СССР.

“27 ліпеня 1990 года 229 дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання мару пераўтварылі ў рэальнасць: беларусам вярнулі краіну“, — адзначыў у каментары “Позірку“ дэпутат парламента таго склікання Анатоль Лябедзька.

Паводле яго слоў, кожны па-свойму разумеў маштаб падзеі, але было адчуванне незвычайнасці сітуацыі, яе гістарычнага значэння. “І таму было такое адзінства: 229 дэпутатаў націснулі на кнопкі, толькі трое ўстрымаліся”, — адзначыў ён.

Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

“Такое адчуванне было і ў часткі грамадства”, — сказаў Лябедзька, узгадаўшы пра сустрэчу з выбаршчыкамі сваёй акругі ў Ашмянах пасля галасавання ў Вярхоўным Савеце. “Поўная зала і адчуванне свята. Так, людзі думалі, што праблемы, якіх у кожнага было шмат, можна вырашыць хутчэй і больш эфектыўна, калі арганізуеш свой дом. Ашмянцы марылі, каб іх сыны, якія служылі ў Савецкай Арміі ў Нагорным Карабаху (на той момант адзін з “гарачых пунктаў“ на тэрыторыі СССР. — “Позірк”.) і недзе там яшчэ, вярнуліся дадому. Гэтыя працавітыя людзі разумелі, што могуць хутка адбудаваць Беларусь. Такое адчуванне было не толькі ў дэпутатаў, але, падкрэсліваю, і ў выбаршчыкаў, што было вельмі важна“, — падзяліўся ўспамінамі Лябедзька.

“35 гадоў таму мы зрабілі незваротнае: Беларусь вярнулася на сусветную карту, і яна на ёй застанецца, — падкрэсліў былы парламентарый. — Гэта не зафарбаваць, не затынкаваць, не заліць бетонам. Беларусь застанецца незалежнай, суверэннай краінай. Да таго ж сусветны трэнд цяпер на ідэнтычнасць, на памяць, на тое, каб заставацца самім сабой. І з гэтага сусветнага трэнду мы не можам выскачыць”.

Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

На думку Лябедзькі, 27 ліпеня разам з 25 жніўня застаюцца галоўнымі прэтэндэнтамі на тое, каб у будучай новай Беларусі быць датай галоўнага нацыянальнага свята — Дня Незалежнасці. “Так, ёсць Дзень Волі, ёсць іншыя важныя даты, але менавіта гэтыя два дні прэтэндуюць у найбольшай ступені. Я ў гэта веру”, — сказаў суразмоўца.

Ён перакананы, што ў будучыні Дэкларацыя аб суверэнітэце будзе перавезеная з Нацыянальнага архіва ў музей і стане даступная кожнаму. “Гэта дакумент, які знойдзе ўвасабленне ў новай Канстытуцыі Беларусі. І будзе натуральным, калі ў гэты дзень сотні тысяч беларусаў будуць падымаць бел-чырвона-белы штандар і спяваць наш нацыянальны гімн. Гэта — будзе”, — заявіў Лябедзька.

Беларускія ўлады пакуль ніяк не адрэагавалі на 35-годдзе прыняцця дэкларацыі. Аляксандр Лукашэнка, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі з раніцы павіншавалі насельніцтва з Днём работнікаў гандлю.

Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь
Падзяліцца: