Акрэдытацыя Офіса Ціханоўскай у Літве будзе захаваная да дэмакратычных перамен у Беларусі — літоўскае МЗС

27 ліпеня, Позірк. Хадайніцтва дэпутата Сейма Вітаўтаса Сініцы аб ануляванні акрэдытацыі “Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі” (дэ-факта Офіса Святланы Ціханоўскай) разгледжанае не будзе, заявіла агенцтву Elta Міністэрства замежных спраў Літвы.
“Пытанне аб адкліканні акрэдытацыі гэтага прадстаўніцтва ў цяперашні час не разглядаецца, паколькі прадастаўлены прадстаўніцтву статус дазваляе яму ажыццяўляць сваю дзейнасць, выконваць свае функцыі і мабілізаваць дэмакратычныя сілы”, — прыводзіць LRT тэкст заявы МЗС.
Падкрэсліваецца, што “акрэдытацыя місіі павінна быць захаваная і дзейнічаць датуль, пакуль грамадзяне Беларусі і іх дэмакратычныя сілы не змогуць свабодна і дэмакратычным шляхам прымаць рашэнне пра будучыню сваёй дзяржавы”.
Ведамства адзначае, што Літва працягне “паслядоўна падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, паколькі гэта гістарычная, палітычная і маральная адказнасць”.
“Знешняя палітыка Літвы ў дачыненні да Беларусі грунтуецца на доўгатэрміновых нацыянальных інтарэсах, выразна зафіксаваных у дакументах, прынятых Сеймам Літоўскай Рэспублікі, і ў праграме ўрада Літоўскай Рэспублікі”, — гаворыцца ў заяве.
23 ліпеня паведамлялася, што міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс не бачыць падстаў разглядаць пытанне аб ануляванні акрэдытацыі Офіса Ціханоўскай.
“Прадастаўлены прадстаўніцтву статус дазваляе яму функцыянаваць, дзейнічаць, выконваць функцыі і мабілізаваць дэмакратычныя сілы”, — заявіў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.
Як паведамляў “Позірк”, дэпутат Сініца 22 ліпеня адрасаваў Будрысу зварот з просьбай ануляваць акрэдытацыю Офіса Ціханоўскай.
Сініца сцвярджае, што “літоўскай гасціннасцю і добрай воляй” дэмсілы карыстаюцца “не для наладжвання добрасуседскіх адносін, а для стварэння ў Літве нейкай базы для беларусаў” і ”альтэрнатыўнай Беларусі”.
23 ліпеня на сайце Ціханоўскай была апублікаваная заява яе Офіса ў сувязі з ініцыятывай сініцы.
Беларуская дэмакратычная супольнасць “шануе падтрымку Літвы, літоўскага ўрада і народа” і ўдзячная Вільнюсу за “шматгадовую падтрымку беларусаў, якія змагаюцца за мірныя дэмакратычныя і еўрапейскія пераўтварэнні ў краіне”, гаварылася ў каментарыі.
Адзначалася, што “ліст дэпутата літоўскага Сейма, які з’явіўся ў публічнай прасторы, утрымлівае недакладную і ілжывую інфармацыю і шкодзіць сяброўскім адносінам паміж літоўскім і беларускім народамі”.
“Раней Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы заяўляў, што пад выглядам “літвінізму” робіцца спроба дыскрэдытаваць дэмакратычныя сілы Беларусі і супрацьпаставіць грамадзян Літвы і беларусаў, якія жывуць у краіне”, — падкрэсліў Офіс Ціханоўскай.
25 ліпеня стала вядома, што Сініца звярнуўся ў Генеральную пракуратуру Літвы з просьбай ацаніць, ці не парушаюць заявы прадстаўніка беларускай апазіцыі Сяргея Ціханоўскага аб магчымасці стварэння беларускіх аўтаномных “астравоў” на тэрыторыі Літвы палажэнні Крымінальнага кодэкса.
“Ціханоўскія не асуджаюць літвінізм, яны запрашаюць Сейм да сумеснага пошуку гістарычнай праўды пра Вялікае Княства Літоўскае, як быццам Літва яе яшчэ не знайшла, прысвойваюць сімвал “Віціса” (“Пагоні”. — “Позірк”.) для свайго псеўдапашпарта, крытыкуюць абмежаванні міграцыйнай палітыкі і, нарэшце, кажуць пра “астравы“, — гаворыцца ў звароце.
Паводле яго слоў, на фоне вайны ва Украіне “да такіх прапаноў неабходна ставіцца вельмі сур’ёзна”, бо, як сцвярджае дэпутат, “менавіта з такіх дзеянняў пачалася агрэсія Расіі ва Украіне”.
У інтэрв’ю ютуб-каналу “Жыццё-маліна”, апублікаваным 6 ліпеня, Ціханоўскі сказаў: “Я хачу жыць у Беларусі. У турме я шмат пра гэта думаў. Калі беларусы не захочуць змагацца, не захочуць верыць у мяне, няхай вераць у кагосьці іншага, але галоўнае — каб яны змагаліся. І галоўнае, каб гэта прывяло да выніку”.
Ён дадаў: “Я пачну тут будаваць астравы такія, як у немцаў у Расіі была нямецкая аўтаномная акруга, або яўрэйская. Краіна ж — гэта людзі”.
Рэагуючы на гэтыя словы, прэзідэнт Гітанас Наўседа 22 ліпеня заклікаў зразумець і пастарацца ацаніць цвяроза сітуацыю Ціханоўскага, які “шмат гадоў правёў у цёмнай турме”.
Сініца з’яўляецца заснавальнікам і лідарам літоўскай нацыяналістычнай кансерватыўнай партыі “Нацыянальнае аб’яднанне”. Абраны ў Сейм па аднамандатнай акрузе і з’яўляецца адзіным дэпутатам ад згаданай партыі.
2 ліпеня Святлана і Сяргей Ціханоўскія падчас сустрэчы з Будрысам “падзякавалі Літве за прынцыповую пазіцыю краіны, якая спрыяла нядаўняму вызваленню палітвязняў і ўзмацненню палітычнага ціску Захаду на Беларусь”.
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года суседнія краіны ЕС спынілі больш за 26 тыс. спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаУ першай палове 2025 года сярод несезонных тавараў і паслуг хутчэй за ўсё даражэлі какава-парашок, селядзец і абед у сталовай (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+