Мінск 18:33

На літаратурную прэмію Гедройця 2025 года намінавана 19 кніг

Крыніца: bellit.info

27 ліпеня, Позірк. 19 кніг намінавана на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця 2025 года, паведамляе партал Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў (заснаваны ў Вільнюсе ў 2022-м).

Суіскальнікамі прэміі з’яўляюцца кнігі:

“Мое баба — діректор морга” (аўтар — Вольга Аполька, самвыдат);

“Самы цымус: смакі і водары беларуска-габрэйскай кухні” (Алесь Белы, выдавецтва Gutenberg Publisher);

“Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме” (Вольга Вялічка, Gutenberg Publisher);

“Вольнеры. Бясконцы дзень” (Валер Гапееў, “Янушкевіч”);

“Псіхараман. Уводзіны ў сучасную культуру” (Язэп Гніль, “Лысы Чэрап”);

“Гульні Цырцэі” (Зміцер Дзядзенка, Kamunikat);

“Занзібар. Сталенне маладой душы” (Сяргей Дубавец, “Вясна”);

“Стагоддзе НН” (Сяргей Дубавец, “Вясна”);

“Сфагнумы” (Андрэй Дудко, платформа для электронных книг Smashwords);

“Стрыжэ і піша” (Сяргей Календа, Gutenberg Publisher);

“Перамена месцаў” (Югася Каляда, “Пфляўбаўм”);

“Калі я выйду на волю” (Ганна Комар, Skaryna Press);

“Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода” (Аляксандр Лукашук, “Вясна”);

“Апошняе пакаленне” (Макар, “Янушкевіч”);

“Жыццё ў дванаццаці апавяданнях” (Аляксей Правалоцкі, “Янушкевіч“);

“Залатое зерне” (Мечыслаў Ян Супрон, Gutenberg Publisher);

“Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў” (Анка Упала, Alena Kazlova);

“Гвалт” (Аляксандр Чарнуха; “Янушкевіч”);

“Забойства на вуліцы Макаёнка” (Клёк Штучны; Audiobooks и “Янушкевіч”).

Першае месца прэміі імя Гедройця 2024 года было прысуджана Валянціну Акудовічу за кнігу “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” (выдавецтва “Логвінаў”). Другое месца заняла Ганна Янкута за кнігу “Час пустазеля” (“Янушкевіч”), трэцяе — Зміцер Бартосік з кнігай “Забіць упалмінзага” (“Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“).

Цырымонія ўзнагароджання адбылася 26 лістапада 2024 года ў Гданьску (Польшча).

Пасля 2020 года колькасць новых кніг, пададзеных на літаратурную прэмію Ежы Гедройця, скарацілася на траціну, было заяўлена на прэс-канферэнцыі арганізатараў цырымоніі ўручэння прэміі 12 лістапада.

Паводле іх слоў, колькасць новых кніг імкліва скарачаецца. У 2013 годзе на прэмію было пададзена 43 новыя кнігі, у 2014-м — 46, у 2015-м — 42. У 2024-м на ўдзел у прэміі было пададзена 14 кніг, за 2022–2024 гады — 50.

Прэмія Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, уручаецца за найлепшую кнігу мастацкай і дакументальнай прозы на беларускай мове. Прэмію заснавалі амбасада Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў (апошнія дзве арганізацыі ліквідаваныя ў Беларусі і адроджаныя за яе межамі).

На хвалі рэпрэсій пасля 2020 года беларускія ўлады ліквідавалі ўсе асноўныя незалежныя выдавецтвы, якія выпускалі сучасную беларускую літаратуру. Многія выдаўцы вымушана эмігравалі і працягнулі сваю справу за мяжой.

Падзяліцца: