Мінск 00:11

14-гадовай мінскай школьніцы пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі за збыт наркотыкаў — СК

Фота: “Позірк”

28 ліпеня, Позірк. Ад 8 да 20 гадоў пазбаўлення волі пагражае 14-гадовай мінскай школьніцы, абвінавачанай паводле ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне, перавозка псіхатропных рэчываў, учыненыя ў дачыненні да асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры арганізаванай групай), вынікае з паведамлення Следчага камітэта (СК).

Паводле звестак ведамства, у красавіку 2025 года абвінавачаная “ўвайшла ў склад арганізаванай злачыннай групы па продажы псіхатропаў”. “У месенджар “Тэлеграм” ёй напісаў невядомы і прапанаваў працу: забіраць скруткі са схованак па каардынатах, а пасля раскладваць іх у розных раёнах Мінска і фатаграфаваць”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што “падлетак пагадзілася, з яе слоў, не да канца ўсведамляючы наступствы такога працаўладкавання”. На працягу некалькіх тыдняў яна “распаўсюджвала забароненыя рэчывы”.

“Падчас допыту дзяўчына прызналася, што першапачаткова яна не ведала, што знаходзіцца ў скрутках і пацікавілася змесцівам. Наймальнік замест тлумачэнняў дазволіў паспрабаваць адзін з іх і нават распавёў, як гэта зрабіць. Тады яна ўсвядоміла, што працуе наркакур’ерам, аднак, паддаўшыся жаданню нажывы, працягнула злачынную дзейнасць”, — паведамілі ў СК.

Школьніца была затрыманая 13 траўня, калі “зрабіла чарговую закладку ў адным з паркаў”. Паведамляецца, што “ў далейшым яна паказала месцы, дзе пасля канфіскаваныя закладкі з асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам — альфа-PVP”.

“Вывучэнне асобы школьніцы паказала, што яна выхоўвалася ў няпоўнай сям’і, на прафілактычных уліках ніколі не была, у поле зроку праваахоўных органаў раней не трапляла”, — падкрэслівае ведамства.

Звяртаецца ўвага, што ў Беларусі крымінальная адказнасць за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту надыходзіць з 14 гадоў.

23 ліпеня старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела па арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Раман Бардзееў паведаміў на прэс-канферэнцыі, што незаконны абарот наркотыкаў займае першае месца ў структуры ўчыненых падлеткамі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у першым паўгоддзі 2025 года (22,7%).

Практычна ўсе злачынствы гэтага віду здзяйсняюцца з выкарыстаннем інтэрнэту, падкрэсліў прадстаўнік МУС. Навучэнцы школ і гімназій здзейснілі 17 такіх злачынстваў, ліцэяў і каледжаў — 16, студэнты ВНУ — 1, тыя, хто не навучаецца і не працуе, — 6.

У месцах пазбаўлення волі за здзяйсненне нарказлачынстваў знаходзіцца 286 асоб, якія да асуджэння з’яўляліся навучэнцамі ўстаноў адукацыі, падкрэсліў Бардзееў.

Паводле звестак Вярхоўнага суда, у 2024 годзе ў Беларусі за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту было асуджана 68 непаўналетніх (у 2023-м — 61). Колькасць непаўналетніх, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў без мэты збыту, зменшылася да 12 (у 2023-м — 13).

Падзяліцца: