Мінск 04:10

6-гадовае дзіця выпала з акна пятага паверха ў Баранавічах

Фота: СК

28 ліпеня, Позірк. За мінулыя выхадныя (26–27 ліпеня) у Брэсцкай вобласці траўмавана трое непаўналетніх, паведамляе Следчы камітэт (СК).

У Баранавічах 6-гадовае дзіця “залезла на падваконнік і абапёрлася на маскітную сетку, у выніку чаго выпала з акна з вышыні пятага паверха”, адзначае ведамства. “Малы выжыў, але атрымаў цяжкія траўмы”, — канстатаваў СК.

“У Баранавіцкім раёне на 16-гадовага падлетка, які дапамагаў пры валцы лесу, упаў ствол ссечанага дрэва. У выніку ён атрымаў траўму галавы. Следчыя правераць выкананне правілаў бяспекі пры правядзенні лесанарыхтоўчых работ і законнасць прыцягнення непаўналетняга да падобнай дзейнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

У Драгічынскім раёне “8-гадовая дзяўчынка, якая гасцявала ў бабулі ў вёсцы, атрымала цяжкія траўмы ног падчас гульні ў полі, калі на яе ўпаў рулон саломы”.

Падкрэсліваецца, што жыццю дзяцей нічога не пагражае, ім аказваецца неабходная медыцынская дапамога, супрацоўнікі СК праводзяць праверкі, падчас якіх “асаблівая ўвага будзе нададзена высвятленню прычын і ўмоў, якія садзейнічалі траўміраванню дзяцей”.

16 ліпеня СК паведаміў аб трэцім выпадку падзення дзяцей з вокнаў за шэсць дзён. Інцыдэнты адбыліся ў Мінску, Магілёве і Магілёўскай вобласці, дзеці атрымалі розныя траўмы.

Паводле даных Генеральнай пракуратуры на 9 ліпеня, “за мінулы перыяд 2025 года” пры выпадзенні з вокнаў загінула шэсць дзяцей, тады як за аналагічную частку 2024-га — адно дзіця.

У першым квартале 2025 года ад знешніх прычын у Беларусі загінула 32 непаўналетніх, паведаміла ў траўні аб’яднанне BelPol са спасылкай на атрыманы службовы ліст намесніка генпракурора Аляксея Стука ў Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і мясцовыя органы ўлады.

Адзначалася, што смяротнасць вырасла на 52,4% — з 21 выпадку (з якім перыядам праведзенае параўнанне, у лісце не ўказана).

У 2024 годзе ў Беларусі ад знешніх прычын загінула 126 дзяцей — на 34% больш, чым у 2023-м (94).

СК пастаянна заклікае бацькоў не пакідаць малалетніх дзяцей без нагляду нават на непрацяглы час і абсталяваць усе вокны ў кватэры адмысловымі замыкалымі прыладамі.

Падзяліцца: