Беларусь хоча павялічыць пастаўкі тэхнікі МТЗ, БелАЗ і “Амкадор” у Якуцію

29 ліпеня, Позірк. Асноўнымі напрамкамі гандлёва-эканамічнай супрацы Беларусі і Рэспублікі Саха (Якуція) на бліжэйшую перспектыву з’яўляецца “пашырэнне наменклатуры ўзаемных паставак, паглыбленне прамысловай кааперацыі і нарошчванне інвестыцый”, заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар на пасяджэнні працоўнай групы па ўзаемадзеянні краіны і гэтага расійскага рэгіёну.
Паводле інфармацыі прэс-службы Мінэканомікі, пасяджэнне адбылося 28 ліпеня ў індустрыяльным парку “Вялікі камень” (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) пры ўдзеле пастаяннага прадстаўніка пры прэзідэнце РФ — першага намесніка старшыні ўрада Якуціі Андрэя Фядотава, а таксама “прадстаўнікоў дзяржорганаў і арганізацый, бізнес-колаў”.
“Мы прапануем павялічыць пастаўкі трактароў МТЗ, пагрузчыкаў “Амкадор”, “БелАЗаў”, а таксама іншай тэхнікі і абсталявання, — сказаў Чабатар. — Беларусь добра вядомая на расійскім рынку сваімі якаснымі прадуктамі харчавання. Гатовыя нарошчваць пастаўкі прадуктаў харчавання і іншых спажывецкіх тавараў у Якутыю”.
“Маецца патэнцыял для павелічэння экспарту кабельнай прадукцыі і абсталявання для мадэрнізацыі электраэнергетычнай сістэмы рэгіёну. Мы таксама зацікаўленыя ў развіцці прамысловай кааперацыі і нарошчванні ўзаемных інвестыцый”, — дадаў міністр.
Паводле сцвярджэння кіраўніка Мінэканомікі, супраца Беларусі і Якуціі “выходзіць на якасна новы ўзровень”.
Адным з “крокаў у гэтым кірунку”, лічыць ён, стане адкрыццё філіяла “Чыгунак Якуціі” ў Беларусі, што дасць магчымасць “знізіць лагістычныя выдаткі і пашырыць таварныя патокі”.
Чабатар заявіў, што выстава беларускіх тавараў, якая адбылася сёлета ў сакавіку ў Нярунгры, “пацвердзіла высокую цікавасць” да айчыннай прадукцыі. “І задача стаіць — пастаўляць яе наўпрост, абыходзячы пасярэднікаў”, — падкрэсліў міністр.
Варта адзначыць, што ў дачыненні да ўсіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, прадукцыю якіх Чабатар прапануе пастаўляць у Якутыю, уведзеныя заходнія абмежавальныя меры. МТЗ знаходзіцца пад санкцыямі Канады і Украіны; БелАЗ — Канады, ЗША, Украіны, Еўрасаюза і яго партнёраў, у прыватнасці Албаніі, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі; “Амкадор” — Аўстраліі, Вялікабрытаніі, ЕС, Канады, Новай Зеландыі, ЗША, Украіны, Швейцарыі, Японіі.
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства