Сродкі для двух параненых у 2023 годзе байцоў палка Каліноўскага сабралі за пяць дзён

29 ліпеня, Позірк. Завершаны збор сродкаў для двух байцоў беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК), цяжка параненых ва Украіне падчас адбіцця расійскай агрэсіі, паведамляе прэс-служба ПКК.
За пяць дзён сабрана каля 503 тыс. грыўняў пры неабходных 500 тыс. (каля 12 тыс. долараў).
Раней адзначалася, што адзін з добраахвотнікаў атрымаў “найцяжэйшыя траўмы левай нагі і рукі”, трапіўшы ў ноч на 20 студзеня 2023 года пад танкавы абстрэл на ўскраінах Бахмута.
Амаль два гады баец праходзіць лячэнне ў ЗША. Паведамлялася, што ён перанёс “некалькі дзясяткаў аперацый”.
“У яго адсутнічае частка прамянёвай косткі, пашкоджаныя нервы і цягліцы. Каб ступня захоўвала правільнае становішча, у яе ўкруцілі дзясяткі шрубаў, бо нерв не кантралюе нагу. Фонд, які арганізаваў яго лячэнне ў ЗША, больш не можа аказваць падтрымку”, — гаварылася ў паведамленні пра збор сродкаў.
У другога байца ў выніку выбуху гранаты ў сакавіку 2023 года “былі пашкоджаныя ўнутраныя органы, яму выдалілі большую частку кішачніка”. Ён таксама знаходзіцца на лячэнні ў ЗША.
“Цяпер яго брушная паражніна застаецца адкрытай, і ён харчуецца праз спецыяльныя дазатары і кропельніцы. Яму трэба прайсці яшчэ адну аперацыю”, — адзначаў ПКК.
Паколькі байцы ўжо доўгі час знаходзяцца ў ЗША, “вайсковая частка ў сувязі з дзейным [украінскім] заканадаўствам не можа выплачваць ім заробкі”. У сувязі з гэтым, удакладняў полк, добраахвотнікі сутыкнуліся з “вострай праблемай: ім патрэбныя грошы, каб працягваць складанае лячэнне, а таксама для падтрымкі іх сем’яў”.
“Сабраныя грошы забяспечаць хлопцам лячэнне і рэабілітацыю да канца зімы — пачатку вясны 2026 года”, — паведамляў полк.
9 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны, беларускія добраахвотнікі стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк.
У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага распачалі крымінальную справу. Міністэрства ўнутраных спраў прызнала ПКК “экстрэмісцкім фарміраваннем” (першапачаткова — у верасні 2022 года, дадаткова — у красавіку 2024-га). 25 верасня 2024 года стала вядома, што Вярхоўны суд прызнаў ПКК “тэрарыстычнай арганізацыяй”. У адказ на гэта полк заявіў, што прызнае “тэрарыстычнай арганізацыяй” рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
22 ліпеня ПКК быў прызнаны “тэрарыстычнай арганізацыяй” у анексаванай Расіяй частцы Данецкай вобласці Украіны — так званай “данецкай народнай рэспубліцы”.
Паводле звестак СМІ, ад пачатку поўнамаштабнай вайны ў баях супраць Расіі загінула не менш як 65 беларускіх добраахвотнікаў.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства