У Літве працягваюцца пошукі беспілотніка, які нібыта заляцеў з тэрыторыі Беларусі

29 ліпеня, Позірк. Пошукі беспілотніка, які, як мяркуецца, парушыў паветраную прастору Літвы 28 ліпеня, працягваюцца і “пакуль складана сказаць, колькі часу гэта зойме”, — заявіў на прэс-канферэнцыі 29 ліпеня паводле вынікаў нарады ў прэзідэнта Гітанаса Наўседы камандарм Узброеных сіл Літвы Раймундас Вайкшнорас.
“Вядуцца пошукі, тэрыторыі правяраюцца паводле апошніх званкоў ад грамадзян. Пакуль зрухаў няма, але пакуль надвор’е добрае і светла, выкарыстоўваюцца не толькі наземныя сродкі, але і беспілотнікі, а таксама верталёт, каб даследаваць гэтыя тэрыторыі і паспрабаваць ідэнтыфікаваць гэта месца”, — цытуе Вайкшнораса Delfi.
Пры гэтым, паводле яго, пакуль не ясна, які менавіта аб’ект расшукваецца.
Раніцай 29 ліпеня Вайкшнорас заявіў у эфіры радыё LRT, што інфармацыя, якая з’явілася напярэдадні, пра беспілотнік, што заляцеў з тэрыторыі Беларусі можа быць няпраўдай.
“Правяраюцца і іншыя версіі — ці знаходзіцца дрон у Літве, а, можа, гэта быў фэйк”, — сказаў галоўнакамандуючы літоўскай арміяй.
Па словах камандарма, кадры з пралётам дрона, якія распаўсюджвалі 28 ліпеня ў сацыяльных сетках, маглі быць знятыя на ўкраінскай тэрыторыі.
Напярэдадні раніцай паліцыя Літвы папярэдзіла грамадзян аб пранікненні з тэрыторыі Беларусі беспілотнага лятальнага апарата неўстаноўленага тыпу. Галоўны дарадчык Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі (NKVC) Дарус Бута паведаміў навінаваму парталу Delfi, што дрон, зафіксаваны на вышыні каля 200 метраў, апошні раз быў заўважаны паблізу Вільнюса.
Пазней літоўская армія паведаміла, што Ваенна-паветраныя сілы “ажыццяўлялі назіранне” за беспілотнікам, пакуль ён знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі; інфармацыя была перададзеная ў Аб’яднаны цэнтр кіравання паветранымі аперацыямі НАТО. Найбольш імавернай на той момант была версія пра “дэзарыентацыю дрона ўкраінскай СПА”.
МЗС Літвы, паводле паведамленняў мясцовых СМІ, заяўляла, што “выкліча прадстаўніка амбасады” Беларусі і перадасць яму ноту, калі высветліцца, што “дрон ці іншы лятальны аб’ект” мае вайсковае прызначэнне.
10 ліпеня ў Літву з Беларусі ўжо заляцеў расійскі дрон.
16 ліпеня Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту з рашучым пратэстам у сувязі з “незаконным парушэннем паветранай прасторы шматфункцыянальным беспілотным лятальным апаратам “Гербера” расійскай вытворчасці.
Знешнепалітычнае ведамства адзначыла, што беспілотнік уляцеў у Літву 10 ліпеня з боку Беларусі і ўпаў “прыкладна за адзін кіламетр ад дзяржаўнай мяжы”.
МЗС “настойліва запатрабавала” ад Беларусі “ў найкарацейшыя тэрміны прадставіць тлумачэнні з нагоды гэтага інцыдэнту і прыняць усе неабходныя меры, каб падобныя выпадкі не паўтараліся ў будучыні”.
На 24 ліпеня адказу на ноту не было.
Беларускія кантрабандысты часта выкарыстоўваюць у памежжы дроны, каб даставіць у Літву цыгарэты.

- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВосьмы раз з пачатку чэрвеня суседнія краіны ЕС зафіксавалі за суткі больш за 100 спробаў парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваЗа апошнія чатыры дні патанула 7 чалавек, у тым ліку 3 дзяцей — прадстаўнік МНСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- ГрамадстваЗа пяць месяцаў 2026 года больш за 550 чалавек прыцягнута да адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфянікахМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь на апошнім месцы на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у траўні, на перадапошнім — з пачатку 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 23 чэрвеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


