Мінск 05:10

“Флагшток” абверг інфармацыю пра смерць трэцяга супрацоўніка “Беларуснафты”, які пацярпеў ад удару токам

29 ліпеня, Позірк. Гомельскае рэгіянальнае медыя “Флагшток” 29 ліпеня абвергла распаўсюджаную ім напярэдадні інфармацыю пра смерць у бальніцы 22-гадовага супрацоўніка РУП ВА “Беларуснафта”, які пацярпеў ад удару токам у Рэчыцкім раёне (Гомельская вобласць) 27 ліпеня.

“Флагшток прыносіць свае прабачэнні за публікацыю недакладнай інфармацыі і жадае пацярпеламу як мага хутчэйшага выздараўлення”, — гаворыцца ў абвяржэнні.

27 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што двое мужчын (43 і 25 гадоў) загінулі ад удару токам, калі разам са шпіталізаваным пазней калегам “ажыццяўлялі перавешванне сейсмічнага кабелю праз аўтадарогу М-10”. Адзначалася, што падчас работ “яны закранулі металічным абсталяваннем лінію электраперадачы”.

“На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Следчым з прыцягненнем спецыялістаў упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Гомельскай вобласці і Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы праводзіцца агляд месца здарэння, фіксуецца слядовая карціна. Апытваюцца відавочцы, плануецца прызначэнне шэрагу экспертных даследаванняў”, — гаварылася ў паведамленні.

Акалічнасці здарэння будуць устаноўлены ў ходзе праверкі, “асаблівая ўвага будзе нададзеная прычынам і ўмовам, што спрыялі трагедыі”, заяўляў СК.

Ведамства не паведаміла месца працы пацярпелых і акалічнасці “перавешвання кабелю”.

28 ліпеня “Флагшток” са спасылкай на “крыніцу” адзначаў, што загінулыя былі супрацоўнікамі РУП ВА “Беларуснафта”, працавалі ва ўпраўленні палявых сейсмаразведачных работ (УПСР) аб’яднання ўсяго некалькі месяцаў, хаця “пры нармальнай практыцы брыгады, якія займаюцца пракладкай геафізічнага кабелю, камплектуюцца пераважна дасведчанымі рабочымі”.

Таксама выданне адзначала, што рызыка трагедыі магла быць павышаная праз “пераход з драўляных на часовыя металічныя апоры геафізічнага кабелю”.

Акрамя таго, паводле інфармацыі медыя, “праблемы з кадрамі ва УПСР пачаліся не ўчора”. “Пасля 2020 года з упраўлення звольнілі або не працягнулі кантракты з дзясяткамі спецыялістаў. У базе асуджаных паводле палітычных спраў знаходзяцца як мінімум шэсць супрацоўнікаў УПСР — чацвёра інжынераў і двое рабочых”, — гаварылася ў публікацыі.

Падзяліцца: