Мінск 08:10

Ціханоўская ў Хельсінкі выказала спачуванні ахвярам начной расійскай атакі на Кіеў і заклікала ўзмацніць ціск на беларускі рэжым

Кіеў пасля расійскай атакі ў ноч на 31 ліпеня 2025 года
Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

31 ліпеня, Позірк. “Найглыбейшыя спачуванні” ўсім ахвярам начных нападаў на Украіну і Кіеў у ноч на 31 ліпеня, а таксама сем’ям, якія страцілі сваіх блізкіх, выказала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на дыскусіі “Пераслед праваабаронцаў у Беларусі“ ў Хельсінкі. Мерапрыемства арганізавалі фінскі і нідэрландскі хельсінкскія камітэты ў рамках канферэнцыі АБСЕ Helsinki+50.

“Гэты тэрор не можа быць апраўданы. Расея павінна быць спыненая. Сёння і заўсёды — мы ўсе на баку Украіны”, — сказала дэмакратычны лідар.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, у Кіеве ў выніку ракетна-дронавай атакі загінула не менш за шэсць чалавек, паранена больш за 50.

Ціханоўская ў Хельсінкі падкрэсліла, што ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, колькасць палітвязняў павялічваецца, людзі паміраюць у турмах. Пасля вызвалення з-за кратаў яны не атрымліваюць сапраўдную свабоду. За імі вядзецца назіранне, часам у іх адбіраюць пашпарты, ім забараняюць выязджаць за мяжу, фактычна ператвараючы ў закладнікаў ва ўласнай краіне.

Пераслед уладамі непажаданых стаў транснацыянальным, падкрэсліла палітык. Актывістам за мяжой адмаўляюць у выдачы пашпартоў і іншых дакументаў, ім пагражаюць смерцю, шантажуюць іх сем’і і маёмасць, прызнаюць “экстрэмістамі“ і “тэрарыстамі“.

Рэжым пераследуе актывістаў праз Інтэрпол, дамагаецца міжнародных ордэраў на арышт, адзначыла Ціханоўская.

“Рэжым Лукашэнкі ператварыў краіну ў лабараторыю рэпрэсій і тэрору — і мы павінны пакласці гэтаму канец“, — падкрэсліла яна.

Ціханоўская заклікала ЕС працягваць моцны ціск на рэжым Лукашэнкі — не толькі за яго саўдзел у вайне Расіі супраць Украіны, але і за няспынныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Яна выказалася за прыняцце спецыяльнага пакета санкцый у галіне правоў чалавека, накіраванага супраць тых, хто нясе адказнасць за рэпрэсіі і тэрор: пракурораў, супрацоўнікаў КДБ, суддзяў і інш.

Дэмлідар пачала трохдзённы візіт у Фінляндыю ўвечары 30 ліпеня. У сталіцы краіны 31 ліпеня і 1 жніўня пройдзе канферэнцыя АБСЕ Helsinki+50. Візіт Ціханоўскай арганізаваны з ініцыятывы прэзідэнта і міністра замежных спраў Фінляндыі.

Канферэнцыя Helsinki+50 прымеркавана да 50-годдзя падпісання 1 жніўня 1975 года Хельсінкскіх пагадненняў, якія пасля сталі падмуркам для стварэння АБСЕ. Чакаецца, што ў ёй возьмуць удзел больш за тысячу чалавек з 57 дзяржаў — удзельніц АБСЕ і 11 краін-партнёраў.

Іншыя падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: