Рыжанкоў наведае Інданезію, абмяркуе з уладамі развіццё палітычнай і эканамічнай супрацы

4 ліпеня, Позірк. Перамовы з “кіраўніцтвам краіны, МЗС, а таксама сустрэчы з прадстаўнікамі іншых дзяржаўных органаў” запланаваныя праграмай візіту міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова ў Інданезію, які адбудзецца 5–7 жніўня.
Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага знешнепалітычнага ведамства, на сустрэчах плануецца абмеркаваць “шырокае кола пытанняў двухбаковага ўзаемадзеяння, якія ахопліваюць развіццё палітычнага дыялога, пашырэнне гандлёва-эканамічнай супрацы, рэалізацыю сумесных праектаў у прамысловай, сельскагаспадарчай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і гуманітарнай сферах”.
“Асаблівая ўвага”, як адзначаецца, будзе нададзеная “ўмацаванню супрацы ў аграпрамысловым комплексе з акцэнтам на прасоўванне беларускай тэхнікі і абмен тэхналогіямі”.
“Падчас візіту адбудуцца сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў, скіраваныя на далейшае пашырэнне эканамічных сувязей”, — гаворыцца ў паведамленні.
Кіраўнік МЗС Беларусі абмяняецца з суразмоўцамі “меркаваннямі па актуальных пытаннях міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня, уключаючы ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях”.
Пытанні двухбаковай вайсковай супрацы абмеркавалі ў Мінску 28 ліпеня начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка і міністр абароны Інданезіі Шафры Шамсудзін.
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Мінску з прэзідэнтам Інданезіі Прабава Субіянта ўвечары 15 ліпеня. “Размова цягнулася амаль тры гадзіны, — паведамляла прэс-служба беларускага палітыка. — За гэты час лідары абмеркавалі максімальна шырокае кола тэм”.
Падкрэслівалася, што суразмоўцы “сустрэліся ў нефармальнай абстаноўцы” — Лукашэнка “запрасіў інданезійскага калегу дадому”. “Я рады вітаць вас тут у гэтым доме і гатовы з вамі абмеркаваць усе пытанні, якія могуць быць у парадку нашых стасункаў”, — заявіў ён.
У сваю чаргу Прабава Субіянта адзначыў: “Я вельмі спадзяюся, што ў найбліжэйшы час вы знойдзеце магчымасць наведаць і мой дом у Інданезіі”.
Прэзідэнт Інданезіі наведаў Беларусь, вяртаючыся з Еўропы, дзе правёў шэраг перагавораў. 14 ліпеня ён сустрэўся ў Парыжы з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, днём раней у Бруселі — з кіраўніком Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен.
19 чэрвеня рамках Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму Прабава Субіянта сустрэўся з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.
Спадзеў на “паглыбленне супрацы ў галіне паставак калійных угнаенняў” выказаў міністр замежных спраў Інданезіі Сугіёна 5 чэрвеня ў Джакарце на сустрэчы з паслом Беларусі Раманам Раманоўскім.
Чыноўнік падкрэсліў важнасць большага ўзаемадзеяння ў гэтай сферы “ў святле прыярытэтаў урада Інданезіі, скіраваных на гарантаванне харчовай бяспекі краіны”. Было адзначана, што Беларусь з’яўляецца “адным з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў калію”, што “ўмацоўвае яе важную ролю ў глабальным ланцужку паставак угнаенняў”.
Інданезійскае МЗС тады звярнула ўвагу на тое, што па выніках 2024 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 44,1% у параўнанні з 2023-м (89,1 млн) і склаў 128,4 млн долараў. З іх 43,6 млн прыйшлося на экспарт Джакарты (13,4 млн; +225%).
Пастаўкі Беларусі ў Інданезію ў 2024 годзе, як вынікае з прыведзеных вышэй даных, склалі 84,8 млн долараў. Згодна з інфармацыяй Абсерваторыі эканамічнай складанасці (АЭС), якая акумулюе даныя міжнародных арганізацый пра сусветны знешні гандаль, экспарт Мінска на інданезійскі рынак у 2023-м склаўся на ўзроўні 75,7 млн долараў, такім чынам, за год гэты паказчык вырас на 12%. Адметна, што 78,2% паставак (59,2 млн), паводле звестак АЭС, прыпала на беларускія ўгнаенні.
На сустрэчы з Раманоўскім Сугіёна заявіў, што Інданезія спадзяецца і надалей нарошчваць экспарт Беларусь — з улікам таго, што членства Мінска ў ЕАЭС адкрывае для Джакарты дадатковыя эканамічныя магчымасці ў еўразійскім рэгіёне.
У траўні дэлегацыя парламента Інданезіі наведвала Беларусь. Па выніках сустрэчы з гасцямі старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў даў зразумець, што Джакарта дапамагае Мінску даваць рады заходнім санкцыям. Акрамя таго, паводле яго слоў, у Беларусі “вялікая цікавасць да паставак угнаенняў, <…> грузавой тэхнікі” на інданезійскі рынак.
Лукашэнка наведваў Інданезію ў 2013 годзе.

- Эканоміка
- ЭканомікаНа сайце дзяржслужбы занятасці рэзка зменшылася колькасць вакансій (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 4 жніўня — 21 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка