Мінск 19:58

На фоне ліпеньскага ўварвання дронаў Ціханоўская абвінаваціла рэжым Лукашэнкі ў стварэнні пагрозы для беларусаў

Рэшткі беспілотніка, які ўпаў у Мінску
Фота з тэлеграм-канала Мінабароны

4 жніўня, Позірк. “Амаль 100 расійскіх дронаў заляцелі ў Беларусь у ліпені, 26 — за адну ноч, адзін разбіўся ў Мінску”, — адзначыла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Рэжым [Аляксандра] Лукашэнка ставіць пад пагрозу нашых людзей і садзейнічае вайне Расіі [супраць Украіны], — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Мы гэтага не выбіралі. Мы хочам міру, суверэнітэту і свабоды. Бяспека Еўропы залежыць ад свабоднай Беларусі”.

Адначасовае масавае ўварванне беспілотнікаў, пра якое згадвае Ціханоўская, адбылося напрыканцы мінулага месяца. Паводле інфармацыі рэгіянальнага медыя “Флагшток”, якое спасылаецца на ўкраінскі маніторынгавы праект “Рында маніторыт”, у ноч на 31 ліпеня РФ запусціла ў бок Украіны больш за 300 дронаў і восем ракет. З вечара 30 ліпеня было зафіксавана сама меней 26 выпадкаў, калі беспілотнікі парушылі беларускую паветраную прастору. За ўвесь ліпень — мінімум 96 выпадкаў.

Мяркуючы з інфармацыі, якая трапляе ў адкрыты доступ, часам беларускія вайскоўцы збіваюць беспілотнікі, часам — не.

Ранкам 29 ліпеня партал “Люстэрка” са спасылкай на відавочцаў паведаміў, што каля 2:00 дрон урэзаўся ў шматпавярховы дом у Фрунзенскім раёне сталіцы, упаў на прыпаркаваны аўтамабіль і выбухнуў. Прыкладна праз гадзіну пасля з’яўлення інфармацыі ў СМІ Міністэрства абароны прызнала факт падзення беспілотніка.

Пазней Следчы камітэт паведаміў, што беспілотнік, які ўпаў, быў начынены тратылам і вялікай колькасцю паражальных элементаў, распачатая крымінальная справа. СК пацвердзіў, што абломкі беспілотніка пашкодзілі некалькі прыпаркаваных аўтамабіляў і прызямліліся на прылеглую да дома тэрыторыю.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на ўласныя крыніцы заявіў, што сілавікі затрымліваюць жыхароў сталіцы ля месца падзення беспілотніка, верагодна, спрабуючы высветліць, хто перадаў інфармацыю незалежным СМІ. Мінская міліцыя паспяшалася назваць гэта “недакладнай інфармацыяй” і прыгразіла яе распаўсюднікам крымінальнай адказнасцю.

Аб’яднаны пераходны кабінет заклікаў беларусаў звяртацца ў мясцовыя органы ўлады і Міністэрства абароны па інфармацыю пра тое, як гарантуецца бяспека грамадзян Беларусі і чаму ў паветранай прасторы краіны знаходзяцца “небяспечныя для жыцця” БПЛА.

Летась у верасні Мінабароны было вымушанае прызнаць факт знішчэння беспілотнікаў, якія, паводле паведамленняў рэгіянальнага медыя “Флагшток”, праляталі над Гомелем.

Сёлета ў сакавіку намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпенкаў заявіў, што ў Беларусь “вельмі часта” залятаюць беспілотнікі з тэрыторыі Украіны. “Бог ахоўвае Рэспубліку Беларусь. Вось колькі яны ў палях падалі, столькі яны выбухалі. Колькі яны падалі ў населеных пунктах — Лойнікі, у Хоеве (верагодна, гаворка пра Хойнікі і Лоеў, раённыя цэнтры Гомельскай вобласці. — “Позірк”.)… Вы ведаеце, яны не выбухаюць”.

“Яны вось проста паміж дамоў падаюць, на дарогу падаюць, да дома застаецца 50–60 метраў. І, вы ведаеце, яны не дэтануюць”, — дадаў чыноўнік.

Гл. таксама:

Вось вам і мірнае неба. Беспілотнік упаў на дом у Мінску, улады малююць украінскі след (на рускай мове)

Падзяліцца: