З 2020 года больш за 8,5 тыс. чалавек рэпрэсавана па крымінальных справах — “Вясна”

4 жніўня, Позірк. У ліпені 2025 года ў Беларусі зафіксавана 64 выпадкі палітычна матываваных рэпрэсій — затрыманняў, ператрусаў і гэтак далей, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна” ў штомесячным аглядзе.
“У Беларусі захоўваецца крытычная сітуацыя з правамі чалавека: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, крымінальны пераслед іншадумцаў, удзельнікаў грамадскіх ініцыятыў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў”, — адзначаюць праваабаронцы.
Працягваюцца затрыманні па крымінальных справах, звязаных з уцечкай у лютым 2025 года даных з чата, куды тэлеграм-бот маніторынгавага праекта “Беларускі Гаюн” перанакіроўваў паведамленні ад людзей з Беларусі, звяртаецца ўвага ў аглядзе.
На канец чэрвеня праваабаронцам вядома пра 35 фігурантаў справы “Беларускага Гаюна”. Не менш за шэсць з іх ужо асуджана. Такая практыка, на думку праваабаронцаў, з’яўляецца “грубейшым парушэннем права на свабоду выказвання меркаванняў, уключаючы права на распаўсюд і атрыманне інфармацыі, а таксама свабоды асацыяцый”.
Паводле даных “Вясны”, з 2020 года мінімум 8.519 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах, у дачыненні да не менш 7.190 чалавек вынесеныя палітычна матываваныя прыгаворы, 33 накіраваныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.
Нягледзячы на няспынны працэс вызвалення палітвязняў у сувязі з адбыццём тэрміну, змены меры стрымання і ў парадку памілавання, “іх колькасць застаецца крытычна высокай”, заяўляюць праваабаронцы: на канец ліпеня 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 1.184 палітвязняў, з іх 175 жанчын.
За чэрвень палітвязнямі прызнаныя 48 чалавек, праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 18 былых палітвязняў. Усяго з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 4.044 чалавек.
У зняволенні знаходзіцца 37 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.
На волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання знаходзіцца 2.860 чалавек, з якіх 593 жанчыны.
У рэжыме інкамунікада, без сувязі са знешнім светам, працягваюць знаходзіцца як мінімум восем палітвязняў: Марыя Калеснікава, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Уладзімір Кніга, Аляксандр Арановіч, Аляксандр Францкевіч. Праваабаронцы атрымалі звесткі, што Алена Гнаўк доўгі час не мае сувязі са сваякамі.
На канец месяца вядома пра 47 палітвязняў, якім тэрмін пазбаўлення волі быў адвольна падоўжаны з выкарыстаннем арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Усяго такой форме рэпрэсій падвергнулася не менш за 67 чалавек, некаторыя ўжо вызваленыя.
Праваабаронцы працягваюць фіксаваць выпадкі прымянення катаванняў і іншых формаў недапушчальнага звароту пры расследаванні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананні адміністрацыйных і крымінальных пакаранняў па такіх справах: “Рэгулярна папаўняюцца спісы “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”, “экстрэмісцкіх фарміраванняў” і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій. Аб’ектыўныя даныя з гэтых спісаў сведчаць аб тым, што рэпрэсіўныя практыкі не слабеюць, а па многіх паказчыках наадварот набіраюць сілу. У сувязі з гэтым няма падстаў казаць пра якое-небудзь змякчэнне або паслабленне палітычна матываваных рэпрэсій у Беларусі”.
У аглядзе таксама гаворыцца, што пад пагрозай дысцыплінарнай і крымінальнай адказнасці палітвязні рэгулярна прыцягваюцца да прымусовай працы, у тым ліку для вырабу прадукцыі ваеннага прызначэння.
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаНа сайце дзяржслужбы занятасці рэзка зменшылася колькасць вакансій (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка