Мінск 23:30

У першым паўгоддзі за завышэнне цэн да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута больш за 190 чалавек, сума штрафаў перавысіла чвэрць мільёна

4 жніўня, Позірк. За студзень — чэрвень 2025 года супрацоўнікамі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) праверана больш чым 4,4 тыс. аб’ектаў, паведамляе прэс-служба ведамства.

Па выніках праверак выдадзена больш за 1,1 тыс. рэкамендацый па ліквідацыі парушэнняў, накіравана звыш 230 прадпісанняў аб забароне рэалізацыі тавараў.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, да адказнасці прыцягнута звыш 360 асоб, сума штрафаў склала больш за 43 тыс. рублёў.

У рамках “кантролю выканання цэнавага заканадаўства” МАРГ устаноўленыя парушэнні больш чым у 120 суб’ектаў гаспадарання. Накіравана 38 прадпісанняў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута больш за 190 асоб, сума штрафаў “з улікам матэрыялаў мінулых гадоў” перавысіла 254 тыс. рублёў.

Пры маніторынгу “выканання заканадаўства аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)” праверана звыш 200 працэдур. Накіравана звыш 100 рэкамендацый па ліквідацыі парушэнняў, сума штрафаў склала больш за 2 тыс. рублёў.

Толькі за чэрвень МАРГ прадухілена правядзенне працэдур дзяржзакупак з парушэннем заканадаўства на суму звыш 110 млн рублёў, гаворыцца ў паведамленні.

23 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік кіраўніка МАРГ Святлана Караткевіч паведаміла, што па выніках першага паўгоддзя 2025 года правераныя 3.344 аб’екты гандлёвых сетак, “у тым ліку на прадмет насычэння магазінаў таварамі айчыннай вытворчасці”.

“У гандлёвай сетцы як харчовай, так і нехарчовых груп у выніку праведзеных мерапрыемстваў было выдадзена 1.162 рэкамендацыі па ліквідацыі парушэнняў, 234 прадпісанні аб забароне рэалізацыі прадукцыі, у тым ліку з мінулымі тэрмінамі рэалізацыі. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута амаль 370 вінаватых асоб”, — сказала чыноўніца.

6 кастрычніка 2022 года Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”. Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзенае рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн, у дакумент уносіліся змены.

Пастанова № 713 (6) ад 2 красавіка 2025 года скараціла спіс тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляванню — “зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку” — з 331 да 211 пазіцый (-36,3%). Урад заявіў, што рашэнне паменшыць пералік “грунтавалася на неабходнасці падтрымання ўзроўню інфляцыі і выключэнні з цэнавага рэгулявання тавараў непаўсядзённага попыту або прэміум-класа”.

Падзяліцца: