У публічнай справаздачы Белгідрамета пра надвор’е ў ліпені не знайшлі адлюстравання смерчы ў Гарадоцкім і Мінскім раёнах

6 жніўня, Позірк. На 0,9 градуса вышэй за норму (19,8 супраць 18,9) сталася сярэдняя тэмпература паветра ў ліпені 2025 года, гаворыцца ў справаздачы Белгідрамета за мінулы месяц.
“Такі і больш цёплы ліпень бывае прыкладна раз на 7 гадоў”, — адзначаюць сіноптыкі.
Даведка “Позірку”: Паводле інфармацыі Белгідрамета, ліпень 2024 года быў цяплейшы за норму на 2,1 градуса (21,0) і заняў 8-е месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад найцяплейшага да найхаладнейшага з 1881 года, калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачаліся інструментальныя назіранні за надвор’ем.
Найбольшая станоўчая тэмпературная анамалія зафіксаваная ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях (адпаведна на 1,4 і 1,3 градуса), найменшая — у Брэсцкай (на 0,3). Гарачэй за ўсё было ў Брэсце — 34,6 градуса 3 ліпеня, найбольш нізкая тэмпература адзначаная на станцыі “Палеская“ ў Лунінецкім раёне — 6,9 градуса ноччу 6 ліпеня.
Ападкаў выпала больш за норму на 44% — 129 мм, або 129 л вады на квадратны метр тэрыторыі. Найбольшая іх колькасць зафіксаваная ў Гродзенскай вобласці — 153 мм, або 172% нормы. У раёне Слуцка, як пазначана на карце, што суправаджае справаздачу, выпала 210 і больш міліметраў ападкаў, або больш за дзве месячныя нормы.
“Колькасць ападкаў першай дэкады месяца была блізкай да кліматычнай нормы. У другой і асабліва ў трэцяй дэкадзе адзначалася залішняе ўвільгатненне, выпала 141% і 188% дэкаднай нормы адпаведна“, — гаворыцца ў справаздачы.
На метэастанцыях было ад 8 да 18 дажджлівых дзён (сутачная сума ападкаў 1 мм і больш) пры норме ад 9 да 11. Найбольшая сутачная колькасць ападкаў выпала ў вёсцы Малевіцкая Рудня Жлобінскага раёна — 94 мм, што з’яўляецца небяспечнай гідраметэаралагічнай з’явай.
У Пінску назіраўся град дыяметрам да 9 мм, у Магілёве — вецер да 26 м/c, у раёне гідрапосту Асцёр-Хадунь у Клімавіцкім раёне — да 25-28 м/с.
У справаздачы не знайшлі адлюстравання стыхійныя бедствы 9 ліпеня ў раёне вёскі Вархі Гарадоцкага раёна і 29 ліпеня на ўсходзе Мінскага раёна, якія Еўрапейская база даных небяспечных з’яў надвор’я ацаніла як смерчы (тарнада) другой катэгорыі (вецер ад 49 да 73 м/c). Магчыма, гэта звязана з адсутнасцю метэастанцый і метэапостаў на тых тэрыторыях. У першым выпадку смерч прайшоў 30 км, яго шырыня дасягала 500 м, у другім — 5 км, шырыня да 400 м.
На прэс-канферэнцыі 5 жніўня начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны МНС Ігар Хадановіч паведаміў, што з пачатку 2025 года ў краіне зафіксавана 12 “метэаралагічных надзвычайных сітуацый“, у выніку якіх адзін чалавек загінуў, чатыры атрымалі траўмы. “Найбольш рэзананснымі” ён назваў неспрыяльныя з’явы надвор’я, якія назіраліся ў ліпені ў Магілёўскай і Мінскай абласцях. У Магілёўскай вобласці ўпала больш за 9 тыс. дрэў, пашкоджана 900 будынкаў (адноўлена 660). У Мінскай вобласці ўпала больш за 2,5 тыс. дрэў, пашкоджана 25 жылых дамоў. “Адзначана пашкоджанне” каля 100 гектараў лесу, сказаў прадстаўнік МНС.
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Выбары
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 5 жніўня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка