Мінск 15:14

Гадавая інфляцыя ацэньваецца насельніцтвам на ўзроўні 11,9% — даныя Нацбанка

Фота: 1prof.by

7 жніўня, Позірк. Паводле “адчуванняў”, у чэрвені ў Беларусі інфляцыя склала ў гадавым вымярэнні 11,9%, вынікае са справаздачы Нацыянальнага банка за другі квартал 2025 года.

Рэспандэнты, якія ўдзельнічалі ў даследаванні рэгулятара, чакаюць у наступныя 12 месяцаў росту цэн на 11,3%.

У сакавіку (у справаздачы за першы квартал) паказчыкі склалі 10,5% і 10,1% адпаведна.

Асноўны ўклад у паскарэнне росту спажывецкіх цэн “унесла дынаміка базавай інфляцыі і цэн на сезонную плодаагароднінную прадукцыю“, гаворыцца ў дакуменце.

Акрамя таго, на інфляцыйныя працэсы “пэўны ўплыў” аказаў “павышаны ўзровень цэн у Расійскай Федэрацыі ў сукупнасці з дынамікай курсу беларускага рубля ў дачыненні да расійскай валюты”.

Дадатковы ўклад, адзначае рэгулятар, у змяненне спажывецкіх цэн працягнула аказваць падаражэнне асобных харчовых тавараў на знешніх рынках (кава, кандытарскія вырабы, садавіна).

Таксама ўплыў аказала карэкціроўка сістэмы цэнавага рэгулявання. “Адпаведна ў чэрвені гадавы тэмп прыросту цэн у Беларусі склаў на мяса і мясныя прадукты 6,4%, на малако і малочныя прадукты — 9,5%, на каву — 30,1%, на шакалад — 41,1%”, — падкрэслівае Нацбанк.

Як паведамляў “Позірк”, спажывецкія цэны ў чэрвені 2025 года выраслі на 0,9%, у параўнанні са снежнем 2024 года — на 5,4%, з чэрвенем 2024-га — на 7,3%.

Раней рэгулятар паведамляў, што базавая інфляцыя (не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта змяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай перспектыве або рэгулююцца дзяржавай) у чэрвені склала 7,4% (у траўні гэты паказчык быў роўны 7,1%, красавіку — 6,6%), рост цэн на плодаагароднінную прадукцыю (сезонныя тавары) у мінулым месяцы склаў 17,6% (+14,4% і +6,8% адпаведна), рост рэгуляваных дзяржаўных цэн і тарыфаў запаволіўся да 5,7% (+6,1%, +6,2%).

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастановай № 4 ад 27 студзеня вызначыла паказчыкі штомесячнага (з нарастаннем) дапушчальнага павелічэння цэн: у студзені цэны не павінны былі вырасці больш, чым на 0,7% (фактычна — +0,7%), паводле вынікаў студзеня — лютага — на 1,9% (+2%), студзеня — сакавіка — на 2,2% (+2,8%), студзеня — красавіка — на 2,7% (+3,8%), студзеня — траўня — на 3% (+4,5%), студзеня — чэрвеня — 3,3% (5,4%).

Далей: студзеня — ліпеня і студзеня — жніўня — 3,4%, студзеня — верасня — 3,7%, студзеня — кастрычніка — 4,1%, студзеня — лістапада — 4,4%, студзеня — снежня — 5% (гэтая адзнака з’яўляецца зацверджанай Аляксандрам Лукашэнкам на 2025 год).

Падзяліцца: