Мінск 18:11

Суд абавязаў выпускнікоў каледжа ў Клічаве вярнуць больш за 42 тыс. рублёў за адмову працаваць па размеркаванні

8 жніўня, Позірк. Ад пачатку 2025 года задаволена сем судовых іскаў пракуратуры ў дачыненні да выпускнікоў Клічаўскага аграрна-тэхнічнага каледжа (Магілёўская вобласць), якія адмовіліся належным чынам працаваць па размеркаванні.

Паводле інфармацыі прэс-службы Генеральнай пракуратуры, агульная сума па ісках з патрабаваннем кампенсаваць выдаткі на навучанне — больш за 42 тыс. рублёў.

Адзначаецца, што “ў большасці выпадкаў выпускнікамі не адпрацаваны абавязковы тэрмін з прычыны іх звальнення за дапушчаныя вінаватыя дзеянні, як правіла, прагулы”.

У адным выпадку каледж заключыў дамову на мэтавую падрыхтоўку спецыяліста з навучэнцам і ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бабруйскага райвыканкама. Пасля заканчэння навучання выпускніка накіравалі ў раённую сельгасарганізацыю працаваць слесарам па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання — на тры гады.

Праз непрацяглы перыяд часу малады чалавек быў звольнены ў сувязі з прызывам на вайсковую службу, але пасля яе на працу не прыбыў. Пракурор Клічаўскага раёна “ў інтарэсах дзяржавы ў асобе каледжа звярнуўся ў суд з іскавай заявай аб спагнанні з адказчыка 9.986 рублёў”.

21 ліпеня паведамлялася, што ад пачатку 2025 года суды задаволілі 62 іскі органаў пракуратуры Брэсцкай вобласці аб кампенсацыі выдаткаў на навучанне ў адносінах да выпускнікоў, якія адмовіліся ад працы па размеркаванні. Агульная сума іскаў склала больш за 650 тыс. рублёў.

Згодна з арт. 78 Кодэкса аб адукацыі, спецыяліст (рабочы, службовец), які не прапрацаваў належны тэрмін на падставе размеркавання, абавязаны кампенсаваць у рэспубліканскі і (або) мясцовы бюджэт сродкі, выдаткаваныя дзяржавай на яго падрыхтоўку.

Добраахвотна кампенсаваць выдаткі можна на працягу шасці месяцаў з дня выдання адпаведнага загада.

На сёння адпрацоўка на падставе размеркаванні абавязковая толькі для выпускнікоў ВНУ, каледжаў, прафтэхвучылішчаў, якія навучаліся за кошт бюджэту. Тыя, хто навучаецца праз мэтавае накіраванне ў ВНУ, абавязаныя адпрацаваць на падставе размеркавання 5 і больш гадоў (у залежнасці ад тэрміну, прапісанага ў дагаворы аб падрыхтоўцы спецыяліста), астатнія бюджэтнікі — 2 гады.

Кожны выпускнік пасля размеркавання атрымлівае статус маладога спецыяліста, які дае права на адпачынак пасля заканчэння навучання, на грашовую дапамогу ў памеры стыпендыі, на першачарговае атрыманне арэнднага жылля з камунальнага жыллёвага фонду. Акрамя таго, прадугледжанае частковае грашовае кампенсаванне за арэнду жылля, калі выпускнік адпраўляецца на падставе размеркавання ў населены пункт, дзе не мае месца пражывання.

Магчымасці наймальніка звольніць маладога спецыяліста, перавесці яго на працу, не звязаную з атрыманай спецыяльнасцю, абмежаваныя.

Падзяліцца: