Мінск 22:46

Ціханоўская анансавала змену кіраўніцтва місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве

Кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько
Крыніца: ютуб-канал Беларускага інфармацыйнага цэнтра ў Львове / скрыншот "Позірку"

8 жніўня, Позірк. Змену кіраўніцтва місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве анансавала дэмлідар Святлана Ціханоўская падчас слуханняў аб дзейнасці Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) ў Каардынацыйнай радзе 8 жніўня ў Варшаве.

Прозвішча кандыдата палітык не назвала. Са жніўня 2023 года пасаду займае Генадзь Манько.

Таксама Ціханоўская пацвердзіла намер прызначыць на пасаду прадстаўніцы АПК па эканоміцы і фінансах Алісу Рыжычэнка, чыю кандыдатуру раней рэкамендавала КР. Пасада вакантная з лістапада 2022 года, раней яе менш за два месяцы займала прадпрымальніца Таццяна Зарэцкая.

Прызначэнні чакаюцца 9 жніўня падчас канферэнцыі “Новая Беларусь” у польскай сталіцы.

Дэмлідар падзкавала усім прадстаўнікам АПК і іх намеснікам: “Вы працуеце ў складаных умовах, у цэйтноце і практычна без рэсурсаў. Пад страхам рэпрэсій і пераследу. Але нягледзячы на гэта, вам удаецца паказваць вынікі”.

“Сябры Каардынацыйнай рады таксама добра ведаюць, што праца ў палітыцы — няўдзячная і рызыкоўная. Цяпер і Кабінет, і КР знаходзяцца пад атакай рэжыму”, — дадала яна.

Ціханоўская як кіраўніца АПК прызнала недахопы ў яго працы: “Апошнія гады мы не раз сутыкаліся з цяжкімі сітуацыямі і часам дапускалі памылкі — і персанальныя, і арганізацыйныя, і камунікацыйныя”.

“Буду радая пачуць таксама кадравыя прапановы на пасаду прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку”, — дадала яна (пазіцыя вакантная два гады, пасля таго, як КР рэкамендавала не працягваць паўнамоцтвы экс-сілавіка Аляксандра Азарава. — “Позірк”.).

“Падсумоўваючы слуханні і ў цэлым мінулыя пяць гадоў, я хачу адзначыць галоўнае: нам удалося выстаяць, захаваць суб’ектнасць беларускага грамадства, — сказала дэмлідар. — У нас створаныя і функцыянуюць інстытуты дэмакратычнай супольнасці і экасістэма самых розных арганізацый і ініцыятыў. Палітычныя арганізацыі працуюць разам з грамадзянскай супольнасцю — і гэта робіць наш рух больш устойлівым”.

Многія стамляюцца, сыходзяць з дыстанцыі. Але капітуляцыя не выхад. Гэта тое, чаго дабіваецца рэжым”, — сказала яна на заканчэнне.

Падзяліцца: