Мінск 12:18

Акцёр Аляксандр Ждановіч, якога ўлады Грузіі не пусцілі ў краіну, вярнуўся ў Варшаву

Аляксандр Ждановіч у аэрапорце Варшавы пасля вымушанага вяртання з Грузіі
Фота: нададзена Аляксандрам Ждановічам

15 жніўня, Позірк. Беларускі акцёр Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), якога ўлады Грузіі не пусцілі ў краіну, раніцай 15 жніўня вярнуўся ў Варшаву з Кутаісі. “Усё добра. Пашпарт далі ў рукі толькі па прызямленні ў Варшаве, калі ўсе выйшлі з самалёта“, — паведаміў ён “Позірку” і падзяліўся фатаграфіяй з польскай сталіцы.

Напярэдадні Ждановіч прыляцеў у Грузію на сустрэчы з прыхільнікамі яго творчасці ў Батумі (15 жніўня) і Тбілісі (19 жніўня) з праграмай “Ён паляцеў ды абяцаў вярнуцца“. Агулам ён збіраўся прабыць у Грузіі тыдзень.

У кутаіскім аэрапорце акцёру было адмоўлена ва ўездзе “з іншых прычын“. Звычайна за гэтай фармулёўкай хаваецца нежаданне кіроўнай партыі прарасійскага алігарха “Грузінская мара” Бідзіны Іванішвілі пускаць у краіну апанентаў рэжымаў у Расіі і Беларусі, а таксама крытыкаў самой партыі.

“Чаму мяне не пусцілі, дакладна не ведаю. Магчыма, у беларускіх і грузінскіх уладаў ёсць агульная база “небяспечных” людзей”, — выказаў меркаванне Ждановіч.

Мінулую ноч да зваротнага вылету ён правёў у аэрапорце, у спецыяльным пакоі з двух’ярусным ложкам.

Аляксандру Ждановічу 61 год. Акцёр тэатра, кіно і тэлебачання, вёў папулярную дзіцячую вячэрнюю перадачу “Калыханка“. У 2020-м выступіў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на карысць Аляксандра Лукашэнкі і гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў масавых акцый пратэсту. Увосень таго года быў арыштаваны на 9 сутак. У 2021-м звольнены з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. У лютым 2022 года, калі ім зноў пачалі цікавіцца сілавыя структуры, быў эвакуяваны фондам BySol з Беларусі ў Грузію. Там ён пражыў больш за два гады, меў сваю студыю, летам 2024 года пераехаў у Польшчу.

Паводле слоў акцёра, у перыяд знаходжання ў Грузіі ён неаднаразова без праблем выязджаў і вяртаўся. Пасля ад’езду ў Польшчу гэта быў яго першы візіт у Грузію.

Ждановіч не першы вядомы дзяяч беларускай палітычнай эміграцыі, якому ўлады Грузіі адмовілі ва ўездзе. Да гэтага не задаволена ніводнае хадайніцтва грамадзян Беларусі аб наданні прытулку ў гэтай краіне.

Падзяліцца: