Мінск 16:11

У літоўскай партыі “Нацыянальнае аб’яднанне” канфлікт вакол дэпутата Сініцы — ініцыятара кампаніі супраць Офіса Ціханоўскай

Вітаўтас Сініца не пярэднім плане
Архіўнае фота: партал навін Delfi

15 жніўня, Позірк. Пра выключэнне з літоўскай нацыяналістычнай кансерватыўнай партыі “Нацыянальнае аб’яднанне” аднаго з яе сузаснавальнікаў, былога намесніка старшыні, дэпутата Сейма Вітаўтаса Сініцы і яшчэ траіх партыйных членаў паведамілі 15 жніўня мясцовыя СМІ.

Сайт медыягрупы Etaplius са спасылкай на інфармагенцтва BNS заявіў, што праўленне партыі прыняло адпаведнае рашэнне на мінулым тыдні. Сцвярджаецца, што Сініца неаднаразова арганізоўваў і кіраваў “незаконнымі, сходамі членаў рады, якія не мелі кворуму”. У выніку прынятых без кворуму рашэнняў “былі захопленыя акаўнты і групы партыйных камунікацый, незаконна абмежаваныя паўнамоцтвы праўлення партыі, а таксама было прынятае незаконнае рашэнне правесці пазачарговы з’езд партыі”.

“На з’езд былі вынесеныя толькі пытанні пра галасаванне за адкліканне ўсіх кіроўных органаў партыі і абранне новага старшыні, праўлення і рады. Такім чынам, існуе адзіная мэта — беспадстаўна даць групе членаў партыі магчымасць захапіць уладу ў партыі, не падрыхтаваўшы дакументаў і не разглядаючы ніякіх палітычных пытанняў”, — прыводзіць медыя вытрымку з рашэння партыйнага праўлення.

Адзначаецца, што партыя раней дыстанцыявалася ад праведзенай 8 жніўня з ініцыятывы Сініцы акцыі супраць працы ў Вільнюсе офіса беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

Сініца на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” 15 жніўня назваў інфармацыю пра выключэнне з палітычнай структуры “распаўсюджанай сакратаром партыі навіной, якая ўводзіць у зман”. “Групоўка, якая мае большасць у праўленні, упэўненая, што прыняла такое рашэнне, але яно нішчымнае і несапраўднае, паколькі праўленне, згодна са статутам “Нацыянальнага аб’яднання”, не мае ніякага права выключаць членаў без заключэння камісіі па этыцы”, — падкрэсліў ён.

Удзельнікі вышэйзгаданай акцыі (мяркуючы па фатаграфіях, некалькі дзясяткаў чалавек) ля будынку МЗС Літвы ў цэнтры Вільнюса запатрабавалі ануляваць акрэдытацыю “Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі” (дэ-факта Офіса Ціханоўскай).

Паводле слоў Сініцы, Літва спадзявалася зрабіць так, каб Беларусь стала празаходняй дзяржавай, адмежавалася ад Расіі з дапамогай Офіса Ціханоўскай, аднак дамагчыся гэтага не атрымалася. Цяпер, адзначыў дэпутат, Вільнюс павінен шукаць новыя шляхі і прызнаць, што дзейнасць Ціханоўскай “як мінімум не дапамагае вырашаць праблемы беларускай дыяспары” (насамрэч колькасць грамадзян Беларусі з дзейным дазволам на пражыванне ў Літве паступова змяншаецца).

Дэпутат таксама заявіў, што гэта быў мітынг не супраць беларускай апазіцыі, а аргнізаваны з мэтай “звярнуць увагу на дзейнасць і фінансаванне Офіса Ціханоўскай”.

Сініца распачаў актыўную кампанію супраць Офіса Ціханоўскай неўзабаве пасля апублікаванага 6 ліпеня інтэрв’ю мужа дэмлідара Сяргея Ціханоўскага ютуб-каналу “Жыццё-маліна”. Экс-палітвязень заявіў: “Я хачу жыць у Беларусі. У турме я шмат пра гэта думаў. Калі беларусы не захочуць змагацца, не захочуць верыць у мяне, няхай вераць у некага іншага, але галоўнае, каб яны змагаліся. І галоўнае, каб гэта прывяло да выніку. <…> Я пачну тут будаваць выспы такія, як у немцаў у Расіі была нямецкая аўтаномная акруга, ці габрэйская. Краіна ж — гэта людзі”.

Рэагуючы на гэтыя словы, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 22 ліпеня заклікаў зразумець і паспрабаваць ацаніць цвяроза сітуацыю Ціханоўскага, які “шмат гадоў правёў у цёмнай турме”.

У той жа дзень, як паведамляў “Позірк”, Сініца адрасаваў міністру замежных спраў Кястуцісу Будрысу зварот з просьбай ануляваць акрэдытацыю Офіса Ціханоўскай. Дэпутат сцвярджаў, што “літоўскай гасціннасцю і добрай воляй” дэмсілы карыстаюцца “не для наладжвання добрасуседскіх стасункаў, а для стварэння ў Літве нейкай базы для беларусаў” і “альтэрнатыўнай Беларусі”.

23 ліпеня Будрыс заявіў, што не бачыць падстаў разглядаць гэтае пытанне. “Нададзены прадстаўніцтву статус дазваляе яму функцыянаваць, дзейнічаць, выконваць функцыі і мабілізаваць дэмакратычныя сілы”, — заявіў кіраўнік літоўскай дыпламатыі (праз некалькі дзён МЗС пацвердзіла, што хадайніцтва Сініцы разгледжана не будзе).

Офіс Ціханоўскай адрэагаваў на дзеянні Сініцы заявай, у якой адзначыў, што беларуская дэмакратычная супольнасць удзячная Літве за падтрымку, а ліст дэпутата “ўтрымлівае няпэўную і ілжывую інфармацыю і шкодзіць сяброўскім стасункам паміж літоўскім і беларускім народамі”.

Сяргей Ціханоўскі выступіў з відэазваротам, у якім выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што яго “няправільна зразумелі”. “Ніхто і ніколі не будзе ствараць ніякіх аўтаномных акруг і выспачак у Літве. Беларусы бязмерна ўдзячныя Літве за гасціннасць, мы паважаем суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Літвы”, — падкрэсліў ён.

Экс-палітвязень патлумачыў, што, кажучы пра стварэнне “выспаў”, меў на ўвазе бізнес-хабы для аб’яднання беларусаў у Еўрасаюзе.

25 ліпеня стала вядома, што Сініца звярнуўся ў Генеральную пракуратуру Літвы з просьбай ацаніць, ці не парушаюць заявы Ціханаўскага палажэнні Крымінальнага кодэкса. “Ціханаўскія не асуджаюць літвінізм, яны запрашаюць Сейм да сумеснага пошуку гістарычнай праўды пра Вялікае княства Літоўскае, як быццам Літва яе яшчэ не знайшла, прысвойваюць сімвал “Віціса” (герба Літвы, з якім мае агульныя карані беларускі гістарычны герб “Пагоня”. — “Позірк”.) для свайго псеўдапашпарта, крытыкуюць абмежаванні міграцыйнай палітыкі і, нарэшце, кажуць пра “выспы”, — гаварылася ў звароце.

Паводле яго слоў, на фоне вайны ў Украіне “да падобных прапаноў неабходна ставіцца вельмі сур’ёзна”, паколькі, як сцвярджае дэпутат, “менавіта з такіх дзеянняў пачалася агрэсія Расіі ва Украіне”.

Падзяліцца: