У гэтым навучальным годзе ў Беларусі адкрыецца сем новых устаноў адукацыі

15 жніўня, Позірк. У 2025/2026 навучальным годзе ў Беларусі адкрыецца сем новых устаноў адукацыі, паведаміла на прэс-канферэнцыі 15 жніўня ў Мінску намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальніца упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
Паводле яе слоў, у верасні пачне працаваць больш за 2.600 устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, дзе будзе навучацца каля 1 млн 50 тыс. навучэнцаў, у тым ліку 90 тыс. першакласнікаў. Варта адзначыць, што летась за парты села на 20 тыс. больш вучняў сярэдніх школ.
З 1 верасня на заканадаўчым узроўні замацавана, што навучэнцы павінны быць у адзенні дзелавога стылю, за выключэннем заняткаў па фізічнай культуры і працы, адзначыла Каржова.
Паводле слоў чыноўніцы, павялічваецца колькасць урокаў фізкультуры. “Сёння мы шмат кажам пра здаровы лад жыцця навучэнцаў, а здаровы лад жыцця — гэта рухальная актыўнасць, — сказала яна. — Раней у нас было два ўрокі фізічнай культуры, а таксама рэкамендавана правядзенне гадзіны здароўя і спорту. Узнікалі пытанні, абавязкова гэта ці не, як праводзіць — у рамках асноўнага раскладу або ў рамках раскладу факультатыўных заняткаў. Сёння, разумеючы ролю рухальнай актыўнасці навучэнцаў, у гэтых спрэчных пытаннях таксама пастаўленая кропка — [будзе] тры ўрокі фізкультуры ў асноўным раскладзе навучальных заняткаў”.
Навучэнцы 11 класа працягнуць вывучаць новы навучальны прадмет — “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” (у 2024/2025 годзе яго вывучалі дзесяцікласнікі). Такім чынам, у выпускнікоў 2025/2026 года будзе магчымасць выбраць цэнтралізаваны іспыт не па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі, а па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі.
З 1 верасня школа, паводле слоў Каржовай, будзе “тэрыторыяй без мабільных тэлефонаў”, для гэтага “праведзеныя ўсе неабходныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы”.
“У нас быў цэлы 2024/2025 навучальны год, каб ва ўстановах адукацыі вызначыць месцы захоўвання мабільных тэлефонаў, вызначыць адказных па захоўванні мабільных тэлефонаў, а таксама правесці неабходную тлумачальную працу з бацькамі і навучэнцамі, — адзначыла спікер. — Навошта абмяжоўваць выкарыстанне мабільных тэлефонаў? Ужо цягам шэрагу гадоў мы абмяжоўваем выкарыстанне мабільнага тэлефона на навучальных занятках, але разам з тым дзеці імі карысталіся на перапынках”.
На думку Каржовай, гэта “не садзейнічала рухальнай актыўнасці” дзяцей і зносінам з аднагодкамі.
Чыноўніца таксама нагадала, што непаўналетнія грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, будуць абавязаныя навучацца ў беларускіх установах адукацыі.
“Да выхаду са школы мы павінны атрымаць не проста выпускніка, мы павінны атрымаць у грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — сацыяльна пісьменную асобу, — заявіла яна. — Дзеці, атрымліваючы веды па прадметах, яшчэ вучацца і мець зносіны, праходзяць сацыялізацыю. Яны павінны навучыцца радавацца за дасягненні аднагодкаў. Яны павінны навучыцца выходзіць са складаных сітуацый. Скажыце, калі ласка, якая дыстанцыйная адукацыя дазволіць даць гэтыя навыкі?”
“Зноў жа, калі гаворка ідзе пра дыстанцыйнае навучанне паводле замежных праграм, нават расійскіх праграм, дзе гісторыя Беларусі? Дзе геаграфія Беларусі? Беларуская мова? Беларуская літаратура? Які ж грамадзянін Рэспублікі Беларусь без ведаў па гэтых прадметах? Таму з 1 верасня ў гэтым пытанні таксама на заканадаўчым узроўні пастаўленая кропка. Пражываеш на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь — навучаешся на падставе законаў Рэспублікі Беларусь. У нас дыстанцыйнае навучанне не прадугледжанае”, — падсумавала Каржова.


- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа першы тыдзень снежня суседнія краіны ЕС зафіксавалі 39 спробаў нелегальнага пераходу на сваю тэрыторыю з Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаЦіханоўская наведае цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі міруМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаДэмсілы працуюць над "Еўрапейскай дарожнай картай для Беларусі" — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ 2026 годзе ЕС выдзеліць 30 млн еўра на дапамогу народу Беларусі — еўракамісар Кос (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваДамовы саюзнага страхавання транспартных сродкаў заключылі больш за 40 тыс. аўтаўладальнікаў — Мінфін (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаКампартыя В'етнама кантралюе пытанне адкрыцця ў 2026 годзе лініі па зборцы трактароў МТЗ — ВальфовічМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+

