Мінск 15:52

ЕАБР: Эканоміка Беларусі працягне працаваць у рэжыме павышанага інфляцыйнага ціску

Ілюстрацыя: "Позірк"

Ілюстрацыя: “Позірк”

18 жніўня, Позірк. Эканоміка Беларусі працягне функцыянаваць у рэжыме “павышанага інфляцыйнага ціску“, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця.

Як адзначаюць аналітыкі банка, на гэта паказвае “актыўны спажывецкі попыт, які падтрымліваецца павелічэннем рэальных заробкаў (+11% у гадавым вымярэнні)”.

“Інфляцыйны ціск застаецца павышаным, пра што сведчыць дынаміка ўстойлівага кампанента росту коштаў: базавая інфляцыя паскорылася да 7,6% у гадавым вымярэнні ў ліпені пасля 7,4% у чэрвені“, — канстатуюць аналітыкі.

Разам з тым яны пацвярджаюць свой прагноз па інфляцыі ў Беларусі па выніках 2025 года на ўзроўні 7,7%.

У прагнозе даследчага цэнтра BEROC па выніках першай паловы 2025 года адзначаецца, што інфляцыя рухаецца да верхняй мяжы іх прагнозу — 7-9% на канец года. “Набліжэнне інфляцыі да двухзначных тэмпаў можа справакаваць прыняцце рэакцыйных мер па аднаўленні той ступені жорсткасці цэнавага кантролю, якая існавала да яго некаторага паслаблення ў красавіку 2025 года. Калі цэнавы кантроль будзе больш жорсткім, то інфляцыя складзецца паблізу ніжняй мяжы дыяпазону 7-9% па выніках года, але выдаткамі стануць павелічэнне інфляцыйнага падстрэшка і верагоднае паслабленне эканамічнай актыўнасці ў 2026-м. <…> Перадумоў для таго, каб інфляцыя была вышэй за 10%, я не бачу“, — заявіў 12 жніўня на прэзентацыі эксперт BEROC Анатоль Харытончык.

Як паведамляў “Позірк“, спажывецкія кошты ў ліпені 2025 года выраслі на 0,2% у параўнанні з чэрвенем, на 5,6% — да снежня 2024 года, на 7,4% — да ліпеня 2024-га.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастановай № 4 ад 27 студзеня вызначыла паказчыкі штомесячнага (з нарастаннем) дапушчальнага павелічэння цэн: у студзені яны не павінны былі вырасці больш чым на 0,7% (фактычна +0,7%), паводле вынікаў студзеня — лютага — на 1,9% (+2%), студзеня — сакавіка — на 2,2% (+2,8%), студзеня — красавіка — на 2,7% (+3,8%), студзеня — траўня — на 3% (+4,5%), студзеня — чэрвеня — 3,3% (+5,4%), студзеня — ліпеня — 3,4% (+5,6%).

Далей: студзень — жнівень — 3,4%, студзень — верасень — 3,7%, студзень — кастрычнік — 4,1%, студзень — лістапад — 4,4%, год — 5% (гэты паказчык зацверджаны Аляксандрам Лукашэнкам).

Падзяліцца: