Мінск 14:59

“Экстрэмісцкай” у Беларусі прызнаная супольнасць у “Аднакласніках”, якая падтрымлівае “днр” і “лнр”

Крыніца: старонка "АНТИМАЙДАН и нас миллионы!" ў "Аднакласніках"

19 жніўня, Позірк. Суд у Полацку (Віцебская вобласьць) прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт старонкі “АНТИМАЙДАН и нас миллионы!” ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”, інфармацыя пра гэта апублікаваная ў адпаведным пераліку на сайце Міністэрства інфармацыі.

У супольнасці 162.076 удзельнікаў. Група, як адзначаецца на яе старонцы, створаная для тых, хто “сапраўды любіць сваю краіну” і “клапоціцца пра яе будучыню”.

Адміністратары супольнасці сцвярджаюць, што яе ўдзельнікі “не распальваюць міжнацыянальную варожасць”, а выступаюць “за адзінства і росквіт ўсіх народаў і нацыянальнасцяў”.

На тытульнай старонцы групы размешчаны калаж са сцягамі так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама надпіс “Мір Данбасу”.

У супольнасці таксама ёсць старонка ў “Ютубе” (больш за 1 тыс. падпісчыкаў).

Афіцыйны Мінск і праўладныя грамадскія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з акупацыйнымі ўладамі на захопленых РФ тэрыторыях Украіны.

30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.

На пачатку 2023 года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “днр” і “лнр”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая па арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных вакацый”.

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

Падзяліцца: