Мінск 01:23

Праваабаронцы звярнуліся ў профільны камітэт ААН з патрабаваннем пачаць расследаванне парушэння правоў жанчын у турмах

19 жніўня, Позірк. Афіцыйны зварот з патрабаваннем пачаць расследаванне парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да жанчын у зняволенні ў Беларусі накіравала арганізацыя “Прававая ініцыятыва“ пры падтрымцы праваабарончага цэнтра “Вясна” і іншых арганізацый у Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (CEDAW), паведамляе “Вясна“.

Праваабаронцы падалі шырокія доказы таго, што “ў беларускіх турмах, калоніях і ізалятарах на працягу многіх гадоў адбываюцца сур’ёзныя і сістэматычныя парушэнні правоў жанчын, уключаючы катаванні, знявагі і дыскрымінацыю па прыкмеце гендэра”.

Падкрэсліваецца, што гаворка ідзе не пра асобныя інцыдэнты, а пра цэлую сістэму рэпрэсій, у якой гендэрна абумоўлены гвалт і жорсткае абыходжанне сталі нормай, асабліва ў дачыненні да жанчын-палітвязняў.

Адзначаецца, што гэтыя парушэнні падпадаюць пад вызначэнне дыскрымінацыі ў сэнсе артыкулаў Канвенцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. Іх працяг у спалучэнні з нежаданнем дзяржавы выконваць ранейшыя рэкамендацыі CEDAW “патрабуе неадкладнага рэагавання ў рамках працэдуры расследавання”.

Аўтары заклікаюць міжнародныя і нацыянальныя няўрадавыя арганізацыі публічна падтрымаць гэты зварот, распаўсюдзіць інфармацыю аб задакументаваных парушэннях і аказаць ціск на ўлады Беларусі для спынення катаванняў, жорсткага абыходжання і дыскрымінацыі жанчын у месцах пазбаўлення волі.

CEDAW у 2009 і 2020 гадах прызнаваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі вінаватым у парушэннях правоў жанчын у зняволенні. Аднак за 15 гадоў сітуацыя толькі пагоршылася, асабліва пасля падзеяў 2020-га, адзначаюць праваабаронцы.

Масавыя арышты жанчын-актывістак, праваабаронцаў і журналістак працягваюцца: паводле звестак “Вясны” на 15 жніўня 2025 года ў Беларусі налічваецца 178 жанчын-палітвязняў; толькі ў 2024 годзе беларускія суды разгледзелі больш за 7.500 палітычна матываваных справаў — чвэрць з іх супраць жанчын.

Зварот адкрыты для падпісання.

Падзяліцца: