Мінск 14:56

Белстат: Інвестыцыі ў асноўны капітал выраслі за сем месяцаў амаль на траціну

20 жніўня, Позірк. Інвестыцыі ў асноўны капітал Беларусі ў студзені — ліпені 2025 года склалі 28,4 млрд рублёў, гэта на 32,1% больш, чым за сем месяцаў 2024-га (21,5 млрд), сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

На прадпрыемствы Мінскай вобласці прыйшлося 25% ад усяго аб’ёму інвестыцый (годам раней было 24,3%), Мінска — 21,7% (20,1%), Брэсцкай і Гомельскай абласцей — 13% (13,3%), Гродзенскай — 9,6% (10,8%), Віцебскай — 8,9% (9,3%), Магілёўскай — 8,7% (9%).

У асноўны капітал прыватных кампаній паступіла 54,6% (52,2%) інвестыцый, дзяржпрадпрыемстваў — 39% (43,3%), замежных арганізацый — 6,4% (4,5%).

У тэхналагічнай структуры лідарам стала сфера будаўніча-мантажных работ, на якую прыйшлося 48,2% (47,7%) інвестыцый. З катэгорыяй “Машыны, абсталяванне, транспартныя сродкі” звязана 38,1% (39,6%) інвестыцый.

Паводле звестак Белстата, у 2024 годзе ў асноўны капітал Беларусі было ўкладзена 44,4 млрд рублёў, 2023-м — 35,7 млрд, 2022-м — 27,8 млрд.

Паводле афіцыйных прагнозных (дэ-факта — планавых) параметраў на 2025 год, рост інвестыцый па выніках года павінен скласці 7,8%.

Праведзены “Позіркам” аналіз даных Еўразійскай эканамічнай камісіі паказаў, што інвестыцыі ў асноўны капітал у першым паўгоддзі ў цэлым у Еўразійскім эканамічным саюзе павялічыліся на 9,2%: у Кыргызстане — на 90,6%, Беларусі — на 18,3%, Арменіі — на 13,6%, Расіі — на 8,7%, Казахстане — на 6,3%.

У першым паўгоддзі 2025 года замежныя інвестары ўклалі ў рэальны сектар эканомікі Беларусі 4,2 млрд долараў — на 2,4% больш, чым у студзені — чэрвені 2024-га (4,1 млрд). Прамыя замежныя інвестыцыі склалі 3,2 млрд долараў (3,1 млрд; +3,2%).

За 2024 год замежныя інвестыцыі ў рэальны сектар эканомікі склалі 6,9 млрд долараў — на 10,4% менш, чым у 2023-м (7,7 млрд). У выглядзе прамых замежных інвестыцый (74,8% усяго аб’ёму) паступіла 5,2 млрд долараў (5,8 млрд; -10,3%).

Падзяліцца: