Мінск 13:17

Лукашэнка, які падтрымлівае расійскую агрэсію, пажадаў Украіне “мірнага неба” і “па-сапраўднаму незалежнага развіцця”

Відэа: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі Стоп-кадр: “Позірк”

24 жніўня, Позірк. Пра гатоўнасць да “ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва” і “канструктыўнага дыялогу” з Украінай заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 24 жніўня народ гэтай краіны з Днём незалежнасці.

“Як бы ні цягнулі ў розныя бакі знешнія сілы, Беларусь і далей застаецца адкрытай для ўкраінцаў”, — цытуе віншавальніка яго прэс-служба.

“Жыць побач у міры і згодзе спрадвеку было прызначэннем беларускага і ўкраінскага народаў. Блізкае суіснаванне ўстанавіла паміж нашымі людзьмі непарыўныя крэўныя сувязі, замацаваныя сумесным гістарычным лёсам, агульнымі хрысціянскімі каштоўнасцямі і шчырым сяброўствам”, — гаворыцца ў пасланні.

Лукашэнка “ад усяго сэрца” пажадаў украінцам “знайсці ўласны адказ на сённяшнія выклікі”.

Таксама ён традыцыйна пажадаў Украіне “мірнага неба”, а яшчэ “салідарнасці і па-сапраўднаму незалежнага развіцця”.

“Мірнага неба” Лукашэнка жадаў Украіне ў 2024-м і 2022 гадах. У 2023 ён “пажадаў усім жыхарам Украіны, каб у вельмі хуткім часе на іх зямлі зацараваў бясцэнны і такі патрэбны ўсім людзям добрай волі мір”.

Беларускі рэжым падтрымлівае ваенную агрэсію РФ, якая працягваецца ва Украіне з 24 лютага 2022 года.

Падзяліцца: