Мінск 16:45

Камітэт ААН заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры па абароне палітзняволенай Кульшы

27 жніўня, Позірк. Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW) 25 жніўня зарэгістраваў скаргу юрыстаў праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill на дыскрымінацыю палітзняволенай Вікторыі Кульшы і заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры па яе абароне.

Як адзначаюць праваабаронцы, камітэт просіць надаць жанчыне неабходную медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, а таксама забяспечыць належныя ўмовы ўтрымання пад вартай.

Раней CEDAW прыняў аналагічныя меры ў дачыненні да палітзняволеных Паліны Шарэнда-Панасюк (1 лютага выйшла на волю) і Марыі Калеснікавай.

Цяпер 43-гадовая Кульша знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 24 (Рэчыцкі раён), раней адбывала тэрмін у ПК № 4 (Гомель). Умовы ўтрымання палітзняволенай у месцах пазбаўлення волі, на думку Respect-Protect-Fulfil, “негуманныя: яе неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар, абмяжоўваюць у зносінах, лістах, званках і сустрэчах з блізкімі”.

Кульша некалькі разоў абвяшчала галадоўку на знак пратэсту супраць умоваў утрымання. У красавіку 2025 года стала вядома пра новую галадоўку палітзняволенай — у сувязі з узбуджэннем супраць яе пятай крымінальнай справы. У выніку ў Кульшы ўзніклі сур’ёзныя праблемы са здароўем: яна часта губляе прытомнасць, перанесла два інфаркты, мае праблемы з ціскам, тахікардыю, нізкі ўзровень гемаглабіну.

Трывогу адносна стану здароўя Кульшы падымала 10 лютага на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе Шарэнда-Панасюк.

“Вікторыя Кульша — чалавек, перад якім я схіляюся. Яна не здаецца, хоць у яе ўжо вельмі цяжкі стан здароўя. Яна трымала галадоўкі месяцамі. Чалавек адмаўляўся ад ежы, яго кідалі ў ШІЗА (штрафны ізалятар. — “Позірк”.). У СІЗА яна працягвала галадоўку. Каб вы разумелі, у ШІЗА ты [у рэжыме] нон-стоп знаходзішся проста ва ўмовах, якія можна параўнаць з падваламі НКУС. У такіх умовах яна трымала галадоўку. Гэты чалавек казаў: “Я пайду да канца, я не здамся”. Гэтае катаванне і яе супрацьстаянне гэтаму тэрору працягваецца чатыры гады. У чалавека ўжо адмовілі ныркі, нейкія іншыя захворванні. Яна працягвае ў такім стане трымацца”.

Шарэнда-Панасюк заклікала да таго, каб тэма Кульшы “не знікала са старонак незалежных СМІ, парадку дня дыпламатаў і дэпутатаў Еўрасаюза”. “Я ведаю, што былі смерці ў мужчынскіх калоніях. Вікторыя Кульша рэальна можа стаць першай жанчынай, якая памрэ ва ўмовах гэтага лукашэнкаўскага ГУЛАГу“, — падкрэсліла яна.

Кульша знаходзіцца ў няволі з 4 лістапада 2020 года. Па выніках некалькіх судоў прыгавораная да 6,5 года зняволення па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі) КК.

Да затрымання Кульша працавала інжынерам па ахове працы. Па адукацыі юрыст, таксама скончыла курсы па манікюры і масажу. Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна“, была адміністратарам чата “Водители 97%”, які пасля выбараў 2020 года заклікаў кіроўцаў перакрываць вуліцы на знак пратэсту.

Падзяліцца: