Мінск 17:22

На польска-нямецкай мяжы затрыманая беларуска, якая перавозіла мігрантаў

1 верасня, Позірк. Аб затрыманні на мяжы з Германіяй 54-гадовай грамадзянкі Беларусі і 56-гадовага паляка паведаміла 1 верасня Памежная ахова Польшчы.

Яны абвінавачваюцца ў садзейнічанні нелегальнай міграцыі, вынікае з паведамлення.

Адзначаецца, што ў населеным пункце Бук (Заходне-Паморскае ваяводства, мяжуе з ФРГ) 29 жніўня быў спынены легкавы аўтамабіль. У ім знаходзілася пяць чалавек: паляк (за рулём), беларуска і яшчэ тры пасажыры — грамадзяне Афганістана.

Падчас праверкі дакументаў афганцы “ўцяклі ў бок лесу”, пазней яны былі затрыманыя, адзначае памежная служба.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды нібыта паклікалі.

Падзяліцца: