Мінск 20:02

Прэм’ер Турчын прызнаў, што праз цэнавае рэгуляванне некаторыя дзяржпрадпрыемствы працавалі стратна

Архіўнае фота: "Мінская праўда"

1 верасня, Позірк. Прынятае ўрадам у красавіку рашэнне змякчыць рэгуляванне цэн прынесла станоўчы эфект, вынікае з заявы прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына падчас рабочай паездкі ў Слуцк (Мінская вобласць).

У гэтым горадзе, як паведамляе прэс-служба ўрада, ён наведаў 1 верасня два дзяржпрадпрыемствы — Слуцкі мясакамбінат і Слуцкі сыраробны камбінат.

Па выніках інспекцыі вытворчасцяў прэм’ер назваў цэнавую палітыку дзяржавы “актуальнай тэмай” для жыхароў краіны. Пастанова ўрада змякчыць рэгуляванне цэн, паводле яго слоў, была “ключавой”.

“[Рашэнне заключалася ў тым], каб сёння нашы вытворцы прадуктаў <…> і не толькі прадуктаў маглі падняць узровень цэн да рэнтабельнасці, якая склалася ў іх за тры папярэднія гады. І зноў жа сёння мы бачым, што ўзровень рэнтабельнасці, калі мы гаварылі аб натуральнамалочных прадуктах на Слуцкім сыраробным [камбінаце], — парадку 6%, значыць, тут яна не больш за 10%”, — сказаў Турчын.

Ён адзначыў “адказны падыход” беларускіх вытворцаў, якія “сёння ў прынцыпе паднялі цану, ну, скажам, да тых нейкіх мінімальна магчымых памераў, якія дазваляюць ім функцыянаваць прыбыткова”.

“Прычым мы яшчэ кажам, што рэнтабельнасць павінна быць такога ўзроўню, які дазваляе праводзіць вось гэтыя маштабныя інвестыцыі. Таму, скажам, вось тое рашэнне [ўрада] я лічу апраўданым, якім мы далі магчымасць нашым прадпрыемствам працаваць хай з невялікай, але, самае галоўнае, з рэнтабельнасцю. Станоўчай рэнтабельнасцю”, — падкрэсліў чыноўнік.

Дзеючая ў Беларусі сістэма рэгулявання цэн была скарэкціравана шосты раз 2 красавіка. Адпаведную пастанову ўрада № 713 (6) падпісаў Турчын.

У адпаведнасці з дакументам, “зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку”, пералік тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляванню, быў скарочаны з 331 да 211 пазіцый (-36,3%. — “Позірк”.).

Тлумачылася, што скарачэнне “грунтавалася на неабходнасці падтрымання ўзроўню інфляцыі і выключэнні з цэнавага рэгулявання тавараў непаўсядзённага попыту або прэміум-класа”.

Для вытворцаў тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай, ўстанаўлівалася лімітавая норма рэнтабельнасці, пры ўжыванні якой не патрабуецца ўзгаднення павышэння цэн з дзяржаўнымі органамі: “Асноўны прынцып вызначэння лімітавай нормы рэнтабельнасці — падтрымка вытворцаў”.

Замацоўваецца пералік выдаткаў, якія забаронена ўключаць у сабекошт; устанаўліваецца адзіная лімітавая надбаўка на імпартаваную прадукцыю “па-за залежнасці ад колькасці звёнаў у пастаўцы тавару ад мяжы да паліцы”; “захоўваецца цэнавая даступнасць для насельніцтва” бульбы, цыбулі, буракоў, морквы, капусты і яблыкаў, на якія да 1 траўня 2025 года “будуць дзейнічаць гранічныя максімальныя цэны, далей у розніцы будуць дзейнічаць гранічныя надбаўкі”, гаварылася ў дакуменце.

З-пад дзеяння цэнавага рэгулявання былі выключаны тавары, якія рэалізуюцца рэзідэнтам Беларусі для наступнай пастаўкі на экспарт (пасля ўзгаднення такой здзелкі з адпаведным дзяржаўным органам) і тавары, якія рэалізуюцца ў стэрыльнай зоне аэрапортаў.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”.

Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн, у дакумент уносіліся змены.

18 кастрычніка 2024 года Аляксей Багданаў, які займаў на той момант пасаду міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (14 студзеня 2025-га прызначаныамбасадарам у Казахстане), паведаміў, што ўрад распрацоўвае “альтэрнатыўную сістэму рэгулявання цэн” з “найменшым умяшаннем дзяржавы ў працэсы цэнаўтварэння”.

31 кастрычніка першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў заявіў, што Савет міністраў працуе над ліквідацыяй негатыўных эфектаў, якія прынесла эканоміцы пастанова № 713.

На тэматычнай нарадзе 28 лютага Лукашэнка даручыў ураду да красавіка вызначыцца з новай сістэмай рэгулявання цэн.

21 сакавіка прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю паведаміла пра намер “істотна скараціць пералік тавараў”, цэны на якія рэгулююцца.

Як паведамляў “Позірк”, спажывецкія цэны ў ліпені 2025 года выраслі на 0,2% у параўнанні з чэрвенем (на 5,6% — да снежня 2024 года, на 7,4% — да ліпеня 2024-га). Харчовыя тавары падаражэлі на 0,02%, нехарчовыя — на 0,1%, паслугі — на 0,7%.

У 2024 годзе інфляцыя ў Беларусі склалася на ўзроўні 5,16%.

Падзяліцца: